Былы афганец без ног і ягоная 90-гадовая маці-інвалід не могуць даклікацца доктара


Інваліды – хто яны? Ці маюць права на элементарныя чалавечыя ўмовы жыцця? Ці гэта людзі, пра якіх улады даўно ўжо забыліся? Да прыкладу, сямʼя Торняў з вёскі Краснае Гомельскага раёну, маці і сын, аб дапамозе сацыяльных службаў толькі мараць. З-за адсутнасці ног, людзі не могуць нават самастойна памыцца.

«Я вось у суботу спрабаваў у лазню, ну, думаю, сам, бо звычайна з нагой я без пытанняў – паскакаў або папоўз, а цяпер ужо не магу», – кажа інвалід Мікалай Торня.

Мікалай Торня калісьці служыў у Афганістане, дзе атрымаў цяжкія раненні, з-за чаго давялося ампутаваць адну нагу. За баявыя заслугі і адвагу неаднаразова быў узнагароджаны медалямі. А тры месяцы таму ў яго пачаліся праблемы з другой нагой. Як вынік, праз гангрэну яе ампутавалі, і цяпер перамяшчацца стала яшчэ больш складана.

Яшчэ горшыя справы ў ягонай 90-гадовай маці. Яна інвалід першай групы, бо два гады таму ёй таксама ампутавалі нагу. Увесь гэты час пажылая жанчына праводзіць сваё жыццё практычна нерухома.

Цяпер сын хоча дамагчыся статусу інваліда першай групы, каб атрымаць сацыяльную дапамогу.

«Трэба, каб сацработнік быў. Цяпер яшчэ лета, туды – сюды, а ўзімку, што я буду рабіць? Я быў з нагой, дык хоць мог вады набраць у калодзежы», – адзначыў інвалід Мікалай Торня.

Права на дапамогу з боку дзяржавы паводле закону маюць і сам Мікалай, і ягоная маці.

«Яшчэ ў 2006 годзе была прынята пастанова аб дапамозе па наглядзе за інвалідамі першай групы, або асобамі, якія дасягнулі ўзросту 80 гадоў. Пералічаныя групы насельніцтва маюць права на сацыяльнага работніка», – падкрэсліў праваабаронца Леанід Судаленка.

Як высветлілася, у Гомельскім райвыканкаме таксама выдатна ведаюць закон і не адмаўляюць, што такая дапамога сапраўды існуе.

«Мы афармляем толькі дапамогу па нагляду інвалідаў першай групы або асобаў, якія дасягнулі ўзросту 80 гадоў, але паводле заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі», – кажуць у Гомельскім райвыканкаме.

Аднак для таго, каб такая камісія прыехала, патрэбная выснова мясцовага доктара, які ўжо даўно мусіў бы наведваць сямʼю. Са словаў 90-гадовай Зінаіды Торні, доктара не даклікацца. А ейны сын раней ужо прасіў знаёмых – звярнуцца па дапамогу ў сельсавет ды адміністрацыю Гомельскага раёну. Але ў адказ на іх звароты – цішыня.

Кацярына Ерусалімская, «Белсат»

Стужка навінаў