Бульдозеры ў баявой гатовасці, а мытнікі супраць: у Расеі пачаў дзеяць закон аб знішчэнні замежных харчоў


«Рассельгаснагляд» пачаў бязлітасныя карныя аперацыі супраць італьянскага пармезану, французскіх вустрыцаў і польскіх яблыкаў. Ад сёння пачаў дзеяць закон аб знішчэнні санкцыйных тавараў.

Прадукты, якія за год эканамічнай вайны і так зніклі з паліцаў, збіраюцца ліквідаваць «усімі даступнымі спосабамі». Ежу з «чорнага спісу» будуць давіць, спальваць, закопваць і выліваць. Прычым не толькі на мяжы, але і па ўсёй Расеі, у тым ліку ў крамах і на складах прадуктовых сетак.

Ні сабе, ні людзям

З усіх даступных спосабаў ліквідацыі выключана паяданне. Цяпер ведамства ўзялося за распрацоўку інструкцыі, паводле якой за спажыванне санкцыйных тавараў расейскім чыноўнікам можа пагражаць крымінальны артыкул.

Першыя партыі мяса-малочных вырабаў будуць знішчаныя ў Арэнбургу і Санкт-Пецярбургу. Праўда, «Рассельгаснагляд» ужо паспеў паскардзіцца пра нежаданне мытнікаў пазбавіцца ад заморскай ежы праз «шэраг нявырашаных пытанняў».

Сёння ж стала вядома, пра выпадак угону фуры з «санкцыйнымі памідорамі», якая была затрыманая ў РФ. Кіроўца далей ад граху вырашыў схавацца з гароднінай без этыкетак на тэрыторыю Беларусі.

За некалькі дзён тысячы расейцаў выступілі супраць знішчэння санкцыйных прадуктаў. Незадаволеныя грамадзяне звяртаюць увагу кіраўніка Крамля, што контрсанкцыі прывялі толькі да павелічэння коштаў на ежу. Замест знішчэння непажаданых харчоў яны прапанавалі накіроўваць іх на Данбас альбо аддаваць бедным і ўцекачам з Украіны.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў