БТ распавяло, што Лукашэнка падарыў Пуціну ў Сочы


Распавядаючы пра сустрэчу ў Сочы, беларускае тэлебачанне 23 жніўня пераважна паўтарыла кароткую афіцыйную справаздачу, што з’явілася на сайтах Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна яшчэ ўчора каля 22.00.

Тэлеканал «Беларусь-1» у вечаровым выпуску навінаў падкрэсліў, што дэталі перамоваў невядомыя, бо праводзіліся тэт-а-тэт, а заяваў для прэсы па выніках не было.

Адзіная новая дэталь, якую сёння распавялі па беларускім тэлебачанні, гэта тое, што Пуцін і Лукашэнка па выніках сустрэчы абмяняліся падаркамі. Лукашэнка падарыў Пуціну ікону анёла-ахоўніка, а той яму – тканую карціну з уральскімі краявідамі. Паводле «Беларусь-1», Пуцін удакладніў – «гэта нашы агульныя прыгажосці».

Скрыншот з эфіру “Беларусь-1”

Што вядома пра сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна 22 жніўня?

  • Лукашэнка прыляцеў у Сочы раніцай 22 жніўня. Першыя звесткі пра сустрэчу прэзідэнтаў Беларусі і Расеі з’явілася ў 20.54. Яна зводзілася да некалькіх агульных заяваў Лукашэнкі, пры гэтым ён цягам 10 сказаў 6 разоў паўтарыў слова «праблема». Лукашэнка заявіў, што яму з Пуціным «ёсць пра што пагаварыць», але пры гэтым праблемы у двухбаковых адносінах не назапашваюцца і новыя праблемы не зʼяўляюцца. «Тым не менш гэтыя праблемы без нас ніхто не вырашыць», – заявіў Лукашэнка;
  • Сустрэча цягнулася не больш за 1-1,5 гадзіны. Ужо ў 22.00. прэса заўважыла Пуціна на спаборніцтвах па самба. Меркавалася, што прэзідэнты мусяць разам наведаць гэты турнір, аднак Лукашэнка там не зʼявіўся;
  • Цягам 23 жніўня ніякай новай інфармацыі пра перамовы Лукашэнкі і Пуціна не з’яўлялася. Лукашэнка пакуль застаецца ў Сочы;
  • Сустрэча ў Сочы адбылася на фоне распаўсюджвання ў СМІ і сеціве інфармацыі пра сурʼёзны крызіс у адносінах Беларусі і Расеі, а таксама шэрагу вострых заяваў самога Лукашэнкі наконт паводзінаў Масквы.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў