БТ адмовілася падпісаць замірэнне з Антонам Матолькам, які падаў у суд на дзяржаўных тэлевізійнікаў


Больш за Br 24 млн запатрабаваў блогер і фатограф Антон Матолька ад Беларускага тэлебачання ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды і парушэння ягоных аўтарскіх правоў. Такія ўмовы агучыў пазоўнік падчас папярэдняга паседжання ў Вярхоўным Судзе. Аднак пазней панізіў свае патрабаванні кампенсацыі – да сімвалічнага аднаго беларускага рубля.

АНТОН МАТОЛЬКА, БЛОГЕР, ФАТОГРАФ:
«Гэтае паседжанне зробленае не з мэтай зарабіць грошай. Мэта была стварыць прэцэдэнт і яшчэ раз нагадаць медыям, што працу іншых варта паважаць».

Паводле Антона Матолькі, прадстаўнікі дзяржаўнага тэлебачання ў сакавіку 2015-га года выкарысталі ў эфіры каналу «Беларусь-1» фотаздымкі, зробленыя самім блогерам, без дазволу, ды нават не пазначылі аўтара здымка. А яшчэ больш фатографа абурыў каментар вядоўцаў БТ: маўляў, на здымках колеры вельмі падобныя да чырвона-зялёнага беларускага сцяга. Сам жа Матолька не лічыць афіцыйны сцяг сапраўды беларускім.

АНТОН МАТОЛЬКА, БЛОГЕР, ФАТОГРАФ:
«Я адкрыта падтрымліваю што нацыянальны флаг Беларусі – бел-чырвона-белы. А герб – Пагоня».

Падчас паседжання кіраўнік прававой інфармацыі дзяржаўнага Беларускага тэлебачання Андрэй Жылінскі адмовіўся ад прапановы суддзі падпісаць замірэнне з Антонам Матолькам, бо, маўляў, здымкі месціліся ў агульным доступе ў інтэрнэце і не маюць прыкметаў твору мастацтва, а таму маглі быць выкарыстаныя без дазволу.

НН, belsat.eu

Стужка навінаў