Больш за ўсё грошай паступіла на рахунак выбарчага фонду Таццяны Караткевіч


Больш за ўсё грошай, якія паступаюць у выбарчыя фонды прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва, пакуль на рахунку ў актывісткі кампаніі «Гавары праўду» Таццяны Караткевіч. Пра гэта сведчыць інфармацыя, размешчаная на сайце ЦВК.

Паводле даных на 12 жніўня, на рахунак выбарчага фонду Караткевіч паступіла 11 млн 869 тыс. 375 рублёў. Пры гэтым сродкі фонду не расходаваліся, падае БелаПАН.

На рахунак выбарчага фонду старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна паступіла 9 млн 995 тыс. рублёў, выдаткавана – 3 млн 124 тыс. 500 рублёў.

На рахунак эканаміста Віктара Цярэшчанкі паступіла 6,4 млн рублёў, выдаткавана – 6 млн рублёў.

На рахунак беспрацоўнай настаўніцы з Берасця Жанны Раманоўскай паступіла 144 тыс. рублёў, якія ўжо знятыя з рахунку.

Сродкаў у індывідуальныя фонды старшыні Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўнага атамана грамадскага аб’яднання «Беларускае казацтва» Мікалая Улаховіча і лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, якія таксама адкрылі рахункі, пакуль не паступала.

Не адкрывалі пакуль выбарчыя рахункі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Лябедзька плануе адкрыць рахунак, калі яго зарэгіструюць кандыдатам у прэзідэнты.

Такія ж планы ў Лукашэнкі. Як растлумачыла журналістам 6 жніўня старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, каб адкрыць рахунак фонду на цяперашнім этапе выбарчай кампаніі, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта павінен асабіста наведаць банк. «Асаблівасці рэжыму перамяшчэння кіраўніка дзяржавы ўскладняюць выкананне гэтай умовы. Пасля рэгістрацыі кандыдатам адкрыць рахунак зможа фінансавы прадстаўнік», – сказала кіраўнік ЦВК.

Прэзідэнцкія выбары пройдуць у Беларусі 11 кастрычніка.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў