«Бландынкі на пʼедэстале»: Як беларускі выйгралі чэмпіянат свету па сучасным пяціборстве


Трэнавалася на гаўбцы і выйграла чэмпіянат свету. Гісторыя поспеху беларускіх спартовак.

Алеся Усянок, Наталля Сідарава і Анфіса Касьянава ўпершыню прадстаўлялі Беларусь на чэмпіянаце свету ў катэгорыі «Masters» па сучасным пяціборстве. Выступ аказаўся сенсацыйна паспяховым.

Беларускі занялі першае агульнае каманднае месца ў чартырохборстве. А да гэтага – 3 асабістыя медалі: Алеся – 1-ае месца ва ўзроставай катэгорыі «30+», Наталля – 2-ое месца ва ўзроставай катэгорыі «50+», а Анфіса Касьянава – 3-яе месца ва ўзроставай катэгорыі «30+».

Чэмпіёнкі

Даведка

Пентатлон (старгр. πέντα – + αθλο пяць + змаганне) – від спорту з класу спартовых шматборстваў, у якім удзельнікі спаборнічаюць у пяці дысцыплінах: канкур, фехтаванне, стральба, бег, плаванне. Заснавальнік сучаснага алімпійскага руху барон Пʼер дэ Кубэртэн называў яго вяршыняй усіх відаў спорту. У 1912 годзе адбыліся першыя спаборніцтвы па пяціборстве на Алімпійскіх гульнях у Стакгольме. Да 1948 года да спаборніцтваў дапускаліся толькі спартоўцы-афіцэры. А вось жанчыны дэбютавалі толькі ў 2000 годзе на Алімпійскіх гульнях у Сіднэі.


У сувязі з тым, што шмат хто з сучасных спартоўцаў-ветэранаў не маюць магчымасці займацца канкурам, зʼявіўся тэтратон (фехтаванне, плаванне і камбінаваны від: стральба+бег).

Удзельнікаў прывітаў прэзідэнт Міжнароднага звязу сучаснага пяціборства Кляўс Шорман, які падзякаваў прысутным за асабісты ўнёсак кожнага ў развіццё спорту. Прэзідэнт пазычыў спаборнічаць у задавальненне і берагчы здароўе. І гэта, бадай, у катэгорыі «Masters» галоўнае. Дзяўчаты доўга шукалі назву каманды, а прэзідэнт Шорман акрэсліў іх «бландынкамі на пʼедэстале», што як раз перагукаецца з адным з варыянтаў назвы каманды «Penta Blonds».

Усе ўдзельніцы каманды – беларускі. Праўда, жывуць у розных краінах і гарадах: Наталля – у Менску, Алеся – у Варшаве, а Анфіса – у Алімпіі. Менавіта апошняя зрабілася рухавіком спартовага эксперыменту з назвай «узгадаць маладосць». Назва вынікае з таго, што нашая тройца была звязаная з пяціборствам раней. А пасля 30-ці ў спорце ты ўжо ветэран або майстар.

Падчас выступу

Цяпер Алеся Усянок – кваліфікаваная фітнес-трэнерка, якая прапагандуе абавязковую фізічную актыўнасць як веравызнанне. А Анфіса Касьянова – спартовая менеджарка ды арганізатарка спартовых імпрэзаў на найвышэйшым узроўні. Сярод асабістых дасягненняў апошніх гадоў яна ганарыцца пераадоленнем двух марафонаў на радзіме Алімпійскіх гульняў – у Старажытнай Алімпіі. Алеся таксама дабегла да фінішу двух марафонаў у Варшаве.

«Галоўнае трэнаванне – адпачынак»

Алеся і Анфіса знаёмыя яшчэ са школы, дзе разам трэнаваліся ў групе па сучасным пяціборстве.

Алеся ўзгадвае:

«На трэнаванні па бегу, выконваючы чарговае доўгае паскарэнне, была гатовая здацца, але Анфіса моцна падтрымала, прычым не словам, а справаю – узяла мяне за руку і выцягнула да фінішу, паказаўшы тым самым, што я яшчэ магу, і што значыць сябар. Так і цяпер, праз больш як 10 гадоў, Анфіса моцна трымае нашыя рукі. Менавіта дзякуючы ёй мы паехалі на чэмпіянат свету».

Трэцяя ў камандзе – цёця Анфісы Наталля Сідарава, якая больш за 30 гадоў таму практычна стаяла ля вытокаў сучаснага пяціборства Беларусі сярод жанчын. І хоць сваё прафесійнае жыццё яна звязала з модаю, візажам і дызайнам, на аматарскім узроўні заўсёды была актыўнаю. Таму не здзіўляе тое, што летась пасля 30-гадовага перапынку яна пачала рыхтавацца да чэмпіянату свету ў Празе.

Дакладна ў цэль!

Пачынаючы з ідэі ўзяць удзел у спаборніцтвах да яе беспасярэдняй рэалізацыі Анфіса зрабілася галоўнай арганізатаркаю. Жывучы ў Грэцыі, яна трымала сувязь з Беларускаю федэрацыяй, збірала ўсю неабходную дакументацыю на выезд і экіпаванне для выступаў, рэзервавала жытло ды квіткі, актыўна рэкламавала каманду ў сацыяльных сетках, увесь час цікавілася трэнавальным працэсам кожнай з нас і трэнавалася сама. Напрыклад, да фехтавання яна рыхтавалася на ўласным гаўбцы.

Узгадваючы трэнаванне, дзяўчыны жартуюць:

«Рыхтаванне да спаборніцтваў у катэгорыі «Masters» адрозніваецца ад прафесійнага больш доўгімі перыядамі аднаўлення. Таму асноўнаю трэнавальнаю часткаю быў адпачынак».

Сучасным спартоўцам-аматарам быць нялёгка. Гэта была не проста прыватная ідэя – яна амаль цалкам спансавалася з уласных кішэняў.

«Бландынкі на пʼедэстале»

Алеся зазначае:

«Нават на адлегласці я моцна адчувала прысутнасць Анфісы, якая натхняла і не давала права адступіць. Так што, як на мяне, залаты медаль мусіць быць у Анфісы адразу па прыездзе». І медаль быў!

Да гэтага беларусы не прымалі ўдзелу ў такіх міжнародных турнірах. Усяго на чэмпіянат свету прыехалі больш за 100 удзельнікаў з 28 краінаў свету, што ёсць, паводле арганізатараў, рэкордным паказнікам. Але, як кажуць цяпер ужо чэмпіёнкі свету, у Прагу яны паехалі са шляхетнаю мэтай адрадзіць шматборства сярод ветэранаў у Беларусі. І дзякуючы такому паспяховаму выступу спадзяюцца, што ў будучыні знойдзецца фінансаванне для рэспубліканскіх спаборніцтваў.

У аўторак у Празе дзеўчыны выйгралі яшчэ і эстафету! Так трымаць!

Аліна Коўшык, belsat.eu, фотаздымкі Belarus Women Modern Pentathlon Team – Masters

Стужка навінаў