Супрацоўнік свінафермы: «У нас усё добра, палім смецце».
«Белсат»: «А свінні дзе?»
Супрацоўнік свінафермы: «Свінні вывезеныя».
«Белсат»: «А людзі кажуць, што пахаваныя тут».
Супрацоўнік свінафермы: «Людзі шмат усяго кажуць».
«Белсат»: «А куды вывезеныя, калі так?»
Супрацоўнік свінафермы: «На мясакамбінат».
Было дзве тысячы свіней, а цяпер пустыя памяшканні, смурод і дым. Свінаферма ў вёсцы Сашыца Бярозаўскага раёну Берасцейскай вобласці зачынілася нечакана для мясцовых, усяго за 3 дні. Як яны кажуць, пры драматычных абставінах. У Аляксандра жонка працавала тут свінаркай, і бачыла знішчэнне жывёлы.
«З яе словаў, усіх там жа і закапалі. Каторых усыплялі, каторых дабівалі кувалдай», – распавядае Аляксандр Хвядчэня, жыхар Сашыцы.
Жыхары Сашыцы кажуць, што прычынай стала нейкая невядомая інфекцыя. Ці гэта афрыканская свіная чума, ці што іншае – не ведаюць.
«На жонку пачаліся наезды, што я працую ў лясной гаспадарцы і тым больш паляўнічы, і што гэта яна занесла тую інфекцыю», – дзеліцца Аляксандр Хвядчэня.
Працаўнікоў тэрмінова звольнілі без выплаты грашовай дапамогі, афіцыйна – паводле ўласнага жадання. Некаторыя пайшлі ў ахову тэрыторыяў альбо на суседнюю свінаферму.
На Бярозаўскім камбікормавым заводзе, якому належаць фермы ў Сашыцы і Хойніках, кажуць, што свіней – і малых, і вялікіх – не закопвалі, а завезлі на мясакамбінат у межах рэканструкцыі фермы. А невядомая інфекцыя гэта выдумкі мясцовых жыхароў.
«Гэта планавая рэканструкцыя, бо цяпер паводле ветэрынарных патрабаванняў, немагчыма адначасова рабіць рэканструкцыю і трымаць свіней… Механізаваная ферма будзе. І аўтаматызаваная», – зазначыў Міхаіл Казека, дырэктар Бярозаўскага камбікормавага заводу.
Людзі ў Сашыцы якраз-такі незадаволеныя тым, што рэканструкцыя фермы ідзе за завесай таямніцы. Менавіта дзеля гэтага і Хойніцкай фермы 3 гады таму ў 17 навакольных вёсках сялянаў прымусілі пазабіваць усіх свіней, калі ў Беларусі бушавала АЧС. А ў Сашыцы ўвогуле цяпер нельга і парася купіць – буферная зона.
Апроч непацверджанай інфекцыі ў Сашыцы, гэтым летам свінні масава дохлі ў Лунінецкім раёне і на Ганцаўшчыне. Але не на фермах, а ў прыватных падворках.
Яраслаў Сцешык, «Белсат»