Польскія ветэрынары змагаюцца з афрыканскай чумой свінняў на мяжы з Беларуссю

video

За апошнія некалькі дзён у польскім Падляшшы выкрываюць ужо другі асяродак афрыканскай чумы свінняў.

Зусім нядаўна інфекцыю выкрылі ў гаспадарцы ў гміне Мельнік (Mielnik), якая знаходзіцца ў 15 кіламетрах ад мяжы з Беларуссю.

Гэта шостая ўспышка захворвання свінняў афрыканскай чумой у Польшчы (першая зафіксаваная ў лютым 2014 года), усе яны зафіксаваныя на Падляшшы.

Як паведаміла Галоўная інспекцыя ветэрынарыі Польшчы, успышка захворвання ў Мельніку адбылася ў гаспадарцы, якая налічвала 97 свінняў. На дадзены момант у гаспадарцы праведзеныя ўсе працэдуры, неабходныя для ліквідацыі афрыканскай чумы свінняў.

У выпадку выкрыцця афрыканскай чумы свінняў вызначаецца гэтак званая «газавая зона» (у радыусе 3 км), а за ёй – гэтак званая «сфера рызыкі» (у радыусе 7 км).

Пасля на гэтай тэрыторыі праводзіцца кантроль гаспадарак – для таго, каб высветліць, якія мерапрыемствы трэба правесці.

У выпадку Мельніку, польскія ветэрынары не бачаць пагрозы ў плане распаўсюду захворвання.

Некалькі дзён таму ў падляскай вёсцы Рэмбішэва таксама быў зафіксаваны выпадак захворвання свінняў афрыканскай чумой. Тады, каб не дапусціць распаўсюд інфекцыі, усыпілі больш за 500 свінняў.

НМ, belsat.eu, паводле Pap.pl, фота – Thornypup

Глядзі таксама
Каментары