Беларускія будаўнікі хочуць заняцца аэрапортам і вакзаламі ў Чачэніі


Мінбудархітэктуры шукае заказы ў расейскім рэгіёне.

Днямі першы намеснік міністра архітэктуры наведаў Чачэнію, дзе абмеркаваў сумесныя праекты з мясцовым міністрам транспарту і сувязі Рамзана Чэрхігавым.

Падчас сустрэчы гаварылі пра магчымы ўдзел беларускіх будаўнікоў у рэканструкцыі і будаўніцтве транспартнай інфраструктуры ў расейскай рэспубліцы: аэрапорту, вакзалаў, лагістычных цэнтраў.

Яшчэ адзін буйны праект у Расеі, у якім былі б не супраць паўдзельнічаць беларускія будаўнікі – кальцавая дарога вакол Яраслаўлю. У снежні віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка прапанаваў здаць яе «пад ключ», калі сустракаўся з губернатарам Яраслаўскай вобласці.

Магчыма, пра будаўніцтва за мяжой у Мінбудархітэктуры задумаліся пасля кастрычніцкай калегіі з віцэ-прэм’ерам Анатолем Калініным. Намеснікі міністра архітэктуры і будаўніцтва тады адзначылі невыкананне планавых паказчыкаў, а віцэ-прэм’ер загадаў будаўнічым арганізацыям абавязкова браць удзел у тэндэрах, што праводзяцца за мяжой.

НМ, belsat.eu, паводле сайту Мінбудархітэктуры

Глядзі таксама
Каментары