Беларускіх падлеткаў зноў вазілі ў Расею на зборы, арганізаваныя неанацыстамі


Падлеткі з Беларусі ў чарговы раз прымалі ўдзел у зборах (так званай «ваенна-патрыятычнай гульні») у Расеі, арганізаваных ультраправай ваенізаванай групоўкай E.N.O.T. CORP.

Зборы адбыліся 18-19 лістапада каля вёскі Бываліна Маскоўскай вобласці. Як паведамляецца на сайце E.N.O.T. Corp, зарэгістравана было 20 каманд, у тым ліку з Беларусі і Прыднястроўя. Падчас гульняў падлеткі адпрацоўвалі навыкі арыентавання на мясцовасці і вучыліся тактыцы вядзення бою, толькі замест зброі ў іх руках былі камплекты для лазэртагу.

Удзел беларусаў у зборах пацвердзіў belsat.eu намеснік кіраўніка E.N.O.T. Corp па сувязях з грамадскасцю і ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі Міхаіл Камаляткін.

Беларусы не ўпершыню прыязджаюць да «янотаў». Журналісты пачалі фіксаваць такія паездкі з вясны мінулага году. У траўні 2016-га датычнай да вывазу падлеткаў у лагер неанацыстаў аказалася арганізацыя афганцаў «Братэрства» з Віцебску і шэраг ваенна-патрыятычных клубаў з Друцка і Талачына, якія дзейнічаюць пад эгідай мясцовых праваслаўных прыходаў. Пасля рэзанансу ў СМІ, беларускія «партнёры» E.N.O.T. Corp вырашылі «залегчы на дно» і на кароткі час адмовіліся ад паездак. Але потым паездкі аднавіліся, прычым беларускія каманды некалькі разоў прымалі ўдзел у зборах пад дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь.

«Яноты» неаднойчы заяўлялі, што беларускія праваахоўнікі нібыта ціснуць на тых, хто супрацоўнічае з іх групоўкай, таму беларусы вымушаныя канспіравацца.

«Калі атрымліваецца – беларусы прыязджаюць. А тут мы хлопцаў хаваем у масках, каб іх твараў не было бачна. Мы прынялі меры па бяспецы на зборах і цяпер у хлопцаў усё добра», – адзначыў Камаляткін.

E.N.O.T. Corp мае рэпутацыю ўльтрарадыкальнай паўфашысцкай структуры. Да вайны на Данбасе байцы E.N.O.T. Corp у асноўным займаліся барацьбой зь нелегальнай міграцыяй у Расеі (як кажуць пра сябе самі «яноты», «арганізоўвалі нашу моладзь на чыстку вуліц ад усякай брыдоты»). З пачаткам вайны на Данбасе баевікі E.N.O.T. Corp актыўна прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на фронце, а таксама выконвалі контравыведныя функцыі ў тыле сепаратыстаў і выведныя – ва ўкраінскім тыле.

З 2015 году «яноты» распачалі сваю легалізацыю ў Расеі. Сёлета яны маюць статус грамадскай арганізацыі і падтрымку дзяржавы, рэгулярна праводзяць ваенна-патрыятычныя гульні сборы. Лідар E.N.O.T. Corp – баявік Раман Целянкевіч – адначасова ўзначальвае «Саюз добраахвотнікаў Данбасу», які аб’ядноўвае расейцаў, што ваявалі на баку сепаратыстаў і дапамагае ім.

ІІ, belsat.eu. Фота – enotcorp.org

Глядзі таксама
Каментары