Беларуская мова з 32 акцэнтамі – верш Караткевіча прачыталі замежнікі


З нагоды Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, кампанія «Gurtam» падрыхтавала відэапраект, у якім замежныя партнёры фірмы прачыталі па-беларуску верш Уладзіміра Караткевіча «Дзе мой край».

У стварэнні роліка паўдзельнічалі партнёры «Gurtam» з 32 краінаў – Ірану, Кеніі, Аўстраліі, Інданезіі, Індыі, Францыі, Швецыі, Іярданіі, ЗША, Чылі і іншых. Прадстаўніку кожнай краіны дастаўся свой радок з верша.

«Гэтым ролікам мы хацелі распавесці беларусам, што нашы дзеці ніколі не пачнуць размаўляць на мове, пакуль бацькі не пададуць ім прыклад. І калі замежнікі, многiя з якіх зусім чужыя нашай культуры, не пасаромеліся і сказалі некалькі слоў па-беларуску, чаму баімся мы? Варта ўсё ж паспрабаваць. Хаця б у гэты Міжнародны дзень роднай мовы давайце паабяцаем сабе паразмаўляць па-беларуску», – кажуць стваральнікі роліка.

«Амаль у нікога не атрымалася запісаць з аднаго дубля, але ў выніку выйшла зусім нядрэнна. Партнёры з Афрыкі распавядалі, што відэакамеру прыйшлося везці ледзь не з суседняй вёскі«, – распавёў прадстаўнік кампаніі Аляксандр Куўшынаў.

Некаторыя партнёры фірмы творча падышлі да задання. Хтосьці чытаў фразу ўсім офісам і даслаў шмат варыянтаў на выбар, як гэта зрабілі партнёры фірмы з Мексікі і Іраку. Хтосьці здымаўся на фоне славутасцяў, хтосьці на фоне самалёта, які ўзлятаў. А адзін з партнёраў ‒ Імра Хан з Пакістану нават праспяваў свой радок, натхніўшыся песеннай версіяй верша ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча.

Усім пераклалі змест радкоў, каб партнёры разумелі, пра што ідзе гаворка. А апошнім, хто даслаў відэа, быў партнёр з Расеі. «Для яго мы выбралі самы спецыфічны радок, каб больш не лічылі, што беларуская і расейская – аднолькавыя мовы», – адзначаюць стваральнікі роліка.

«Хочацца адзначыць, што нават некалькі слоў на чужой мове некаторым партнёрам даліся няпроста. Часам мы не разумелі ні слова са сказанага, але энтузіязм і харызма перакрывалі любыя памылкі ў вымаўленні», – кажуць прадстаўнікі кампаніі «Gurtam».

Адзін з удзельнікаў прызнаўся: «Я размаўляю на трох мовах, але не ведаю ніводнай славянскай. Мне было вельмі цікава, і я рады паўдзельнічаць у такім міжнародным праекце. Мой радок я вывучыў на памяць, але ўсё роўна вельмі хваляваўся».

«Gurtam» ‒ распрацоўнік праграмных рашэнняў на базе навігацыйных сістэмаў GPS і ГЛАНАСС для ажыццяўлення спадарожнікавага маніторынгу транспарту. Кампанія заснавана ў 2002 годзе, а ейны галоўны офіс месціцца ў Менску. Галаўны офіс знаходзіцца ў Менску, а геаграфія выкарыстання прадуктаў кампаніі налічвае больш за 90 краінаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў