Беларуская кароткаметражка «Таямніца гарбатай ямы» ўзяла другі прыз на фестывалі ў Польшчы


9 жніўня на фестывалі вядомага польскага кінакрытыка Томаша Рачка «Sensacyjne Lato Filmów» беларускамоўны мастацкі фільм «Таямніца гарбатай ямы» узяў другі прыз у конкурсе кароткаметражак FIRST SHOT. Стужка, якую зрэжысаваў арганізатар «Бульбамуві» Януш Гаўрылюк, змагалася ў конкурсе з 10 польскімі фільмамі.

Падзеі фільму адбываюцца ў бязлюдных ваколіцах Горадні, дзе сустракаюцца два бандыты, каб вырашыць пытанні паміж сабой. У галоўных ролях выступілі гарадзенцы Валерый Руселік і Павел Крыксуноў. Першы эцюд належыць да новага беларускага праекту «Хранатоп» Андрэя Кудзіненкі.

«Праект будзе складацца з эцюдаў, якія здымуць розныя беларускія рэжысёры. Эцюды будуць аб’ядноўваць герой, месца, час альбо рэквізіт, напрыклад пісталет. Гэтыя кароткія фільмы маюць стварыць кінамапу сучаснай Беларусі. Ужо знятыя 8 эцюдаў. А агулам праект «Хранатоп» мае на мэце аб’яднаць творцаў, якія хочуць рабіць аўтарскае кіно, але не могуць рабіць яго ў афіцыйных структурах», – распавядае пра задуму рэжысёр фільму.

Першую серыю «Хранатопу» пакажуць у Расеі на фестывалі «Кінашок». Варшаўская прэм’ера фільму адбудзецца ў кастрычніку на фестывалі беларускага кіно ў кінатэатры «Муранаў».

Стужка навінаў