Беларусь зноў выступіла супраць «крымскай» рэзалюцыі ААН. Герашчанка: Галасаванне ва ўгоду Расеі – некарэктна


Генасамблея ААН 19 снежня падтрымала рэзалюцыю аб правах чалавека ў Крыме і Севастопалі. Ініцыятары рэзалюцыі – украінская дэлегацыя.

Дакумент таксама падтрымалі 70 краін – чальцоў ААН, 26 краін выступілі супраць, а 76 устрымаліся. За рэзалюцыю прагаласавала большасць еўрапейскіх краін, ЗША, Грузія. Супраць выступілі Расея, Беларусь, Кітай, шэраг афрыканскіх і паўднёваамерыканскіх краінаў.

Раней у МЗС Украіны заяўлялі, што «рэзалюцыя мае мэту прымусіць Расею як дзяржаву-акупанта спыніць грубыя парушэнні правоў і асноўных свабодаў чалавека» у Крыме. У рэзалюцыі таксама фіксуецца, што паміж Расеяй і Украінай ідзе «міжнародны ўзброены канфлікт».

Як вынікае з рэзалюцыі, РФ заклікаюць выканаць прамежкавае рашэнне Міжнароднага суда ААН па справе Украіны супраць Расеі. Тады суд пастанавіў увесці меры для абароны і забеспячэння правоў украінцаў і крымскіх татараў на тэрыторыі Крыма. Да таго ж Расея ў Крыме павінна дазволіць дзейнасць Меджліса крымска-татарскага народа і забяспечыць дасяжнасць адукацыі на ўкраінскай мове. Апроч іншага, Расею заклікаюць забяспечыць доступ да паўвострава міжнародным маніторынгавым місіям.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка вітаў прыняцце рэзалюцыі і падзякаваў «сапраўдным сябрам украінскага Крыму».

Ірына Герашчанка. Фота rbc.ua

Прадстаўніца Украіны ў гуманітарнай падгрупе трохбаковай кантактнай групы па Данбасе Ірына Герашчанка назвала некарэктным галасаванне Беларусі супраць рэзалюцыі. Пра гэта яна напісала ў Facebook.

Герашчанка адзначыла, што Беларусь і Казахстан спасылаюцца на саюзную дамову з РФ, якая абавязвае да агульнай пазіцыі ў міжнародных арганізацыях.

«Але з Беларуссю ўсё ж пікантная сітуацыя: менавіта ў Менску праходзяць перамовы па мірным урэгуляванні сітуацыі на Данбасе, краіна прэтэндуе на статус нейтральнай і пэўную міратворчую місію», – адзначыла Герашчанка.

«Статус нейтральнасці, а не падыгрыванне Крамлю, тады павінен захоўвацца на ўсіх пляцоўках і падчас усіх галасаванняў. Не стамляюся паўтараць гэтую пазіцыю, і лічу такія галасаванні Беларусі – менавіта ў кантэксце яе прэтэнзіяў на міратворчую місію – некарэктнымі», – заявіла палітык.

KA, belsat.eu

 

 

Глядзі таксама
Каментары