Беларус прыдумаў, як пазбегчы найбольш тыповых пажараў


Старшы інспектар сектару міжнароднай супрацы навучальнай установы Аляксандр Лук’янаў з Універсітэту грамадзянскай абароны МНС разам з калегамі распрацаваў рэчыва, якое дазволіць пазбягаць пажараў ад незатушанай цыгарэты.

«Звязда» падае, што каля 90 % пажараў адбываецца ў памяшканнях з пастаянным ці часовым знаходжаннем людзей – часцей за ўсё праз непатушаную цыгарэту або запалку, якія трапляюць на канапу або дыван.

Аляксандр Лук’янаў вырашаў, што выйсцем можа быць матэрыял абіўкі, які не будзе загарацца. Паводле навукоўца, для гэтага яго падчас вытворчасці трэба апырскаць адмысловым рэчывам.

«Нашая задача – надаць поліэфірным матэрыялам пастаянную вогнеўстойлівасць. Важна, каб склад, якім будзе апрацоўвацца тканіна, не вымываўся. Таму яго трэба ўкараніць на ўзроўні малекул. Склад мае неарганічную прыроду, а значыць, ён нетаксічны і неалергенны: нават калі трапіць на скуру ў канцэнтраваным выглядзе, ніякай шкоды не будзе, – распавядае Лук’янаў.

Распрацоўка заняла каля трох з паловай гадоў, цягам якіх было праведзена больш за 60 варыянтаў сінтэзу, перш чым удалося атрымаць патрэбны паводле якасцяў склад. Першыя выпрабаванні на вытворчасці прайшлі ў лабараторыі тэкстыльнай кампаніі «Магатэкс» – найбуйнейшага вытворцы тэкстылю ў Беларусі.

Навуковец дадае, што за мяжой падобныя рэчывы ўжо існуюць, але беларускі варыянт мае шэраг пераваг.

«Замежныя склады наносяцца на тканіну пры тэмпературы каля 190 градусаў, а мы выйшлі на рэжым у 154-160 градусаў. Да таго ж, апрацоўка нашым прадуктам займае ў два разы менш часу. У маштабах вытворчасці, дзе кіламетры матэрыялу, гэта дастаткова сурʼёзнае ашчаджэнне», – кажа Лук’янаў.

ДД

Стужка навінаў