Беларусь атрымае расейскі «ракетны хлам»


У Віцебскую, Берасцейскую і Гарадзенскую вобласці прыедуць зенітныя ракетныя комплексы С-300.

Яны паступяць на ўзбраенне трох беларускіх зенітных ракетных палкоў.  Дывізіёны зенітных ракетных комплексаў С-300 (ЗРК С-300), якія Расея паабяцала Беларусі, паступяць на ўзбраенне ў Віцебскай, Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцях, перадае БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Міністэрства абароны Беларусі.

4 дывізіёны С-300 паступяць на ўзбраенне да канца 2015 г. Беларусь таксама збіраецца набыць трэнажоры да ЗРК С-300.

Раней міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў паведамляў, што Расея паставіць чатыры дывізіёна С-300 у Беларусь да кастрычніка 2015 года.

Упершыню пра намер Расеі перадаць Беларусі С-300 заявіў у красавіку 2013 г. міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу падчас асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

У 2010 г. Менск накіраваў Маскве заяўку на пастаўку двух дывізіёнаў С-400. Пасля чаго афіцыйныя прадстаўнікі ВПК і Мінабароны Расіі зрабілі шэраг заяваў, з якіх вынікала, што С-400 не хапае нават расейскай арміі з-за дэфіцыту магутнасцяў абаронных прадпрыемстваў.

У 2014 г. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусі неабходна стварыць уласны зенітны ракетны комплекс, які не будзе саступаць расейскаму С-300.

«Трэба стварыць свой комплекс, і ён павінен быць не горшы за С-300! Таму думайце, якая ў яго будзе ракета. Галоўнае, каб яна была эфектыўнай. Вашая задача – атрымаць новую сучасную зброю для нашай абароны і для рэалізацыі на экспарт», – заявіў кіраўнік краіны.

ЮВ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары