Беларусь абрыне расейскі аўтарынак?


Аналітычнае агенцтва «Аўтастат» тлумачыць, як павышэнне утыльзбору ў Беларусі адабʼецца на расейскім аўтарынку.

У сувязі з павышэннем утылізацыйнага збору на аўты расейскія аўтадылеры баяцца згубіць беларускіх пакупнікоў.

З 4 лютага збор пры ўвозе аўта ў краіну павышаны ў 8,25 разы для фізічных асобаў і ў 1,65 разы – для юрыдычных. Па гэтай прычыне беларускія пакупнікі аўтаў будуць шукаць аўтамабілі ў прадаўцоў унутры краіны, заўважае расейскае аналітычнае агенцтва «Автостат». У той час расейскія аўтадылеры могуць згубіць беларускіх пакупнікоў.

У студзені беларусы зноў кінуліся па аўты ў Расею

Губляць ёсць што: у некаторых расейскіх аўтасалонах, як у «Renault Клинцы» доля беларускіх пакупнікоў дасягае нават 30 %.

Пакупнікоў з нашай краіны адзначаюць і ў аддзеле маркетынгу цэнтру «Атлант-М Смаленск»:

«Сапраўды, беларускі трафік ідзе да нас. Мы сябруем з беларусамі, яны тэлефануюць, дасылаюць заяўкі, просяць ператэлефанаваць».

Для беларусаў аўтадылеры суседняй краіны нават часам ладзяць дадатковыя паслугі ў выглядзе трансферу і рассялення ў гасцініцы.

Дылеры мяркуюць, што нават з павышэннем утылізацыйнага збору беларусы яшчэ нейкі час будуць набываць аўты ў Расеі, бо курс долара будзе ствараць розніцу паміж цэнамі ў двух краінах. Аднак з часам расейскія прадаўцы рызыкуюць страціць беларускіх пакупнікоў.

НМ, belsat.eu, паводле Автостат

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары