«Беларусь 2020. Траўма і смех». У Любліне адкрылася выстава беларускіх фатографаў


Выстава «Беларусь 2020. Траўма і смех».
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

З 1 снежня 2020 года па 1 лютага 2021 года ў Люблінскай галерэі «Rozdroża» можна паглядзець экспазіцыю рэпарцёрскай фатаграфіі і плаката, натхнёнага падзеямі апошніх месяцаў у Беларусі. Медыя-партнёрам выставы з’яўляецца «Белсат».

Выкліканыя фальсіфікаванымі прэзідэнцкімі выбарамі масавыя мірныя пратэсты, на якія ўжо з першага дня ўлада адказала гвалтам, сталі адной з галоўных тэмаў навінавых агенцтваў па ўсім свеце. У памяць урэзаліся фатаграфіі і відэа ад беларускіх журналістаў, якія, выконваючы сваю працу, падвяргалі сябе небяспецы. Дні пратэстаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі для многіх беларусаў, у тым ліку і незалежных журналістаў, апынуліся выпрабаваннем нацыянальнай і міжасабавай салідарнасці.

– Мы атрымалі шмат дапамогі ад звычайных людзей. Хтосьці падзеліцца з вамі Wi-Fi, хтосьці падвязе на машыне, хтосьці схавае ў сябе ўдома, пакуль вы ўцякаеце ад АМАПу… Аднойчы, падчас маршу пенсіянераў, бабулі абаранілі мяне ад афіцэраў у аліўкавых мундзірах. У іншы раз людзі ўпусцілі мяне ў дом, калі на вуліцы АМАП лавіў пратэстоўцаў. Аказалася, што там быў святочны вечар: дзядуля адзначаў 69-годдзе. Я адчувала сябе дзіўна – звонку вайна, а ў кватэры людзі жывуць нармальным жыццём, – распавядае фотакарэспандэнт Таццяна Капітонава.

Выстава «Беларусь 2020. Траўма і смех».
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Выстава «Беларусь 2020. Траўма і смех».
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Капітонава з’яўляецца адным з аўтараў фотаздымкаў, якія прадстаўленыя на экспазіцыі «Беларусь 2020. Траўма і смех», якую на працягу наступных двух месяцаў можна пабачыць у Любліне. У выставачнай прасторы таксама знаходзяцца фатаграфіі трох іншых беларускіх фатографаў: Ірыны Арахоўскай, Аляксандра Васюковіча і Юліі Шаблоўскай, якая таксама зʼяўляецца куратарам праекта:

– Калі б не смелыя, незалежныя беларускія СМІ, якія, нягледзячы на арышты сваіх супрацоўнікаў, судовыя справы і пераследы, працягвалі сваю працу, мы б не даведаліся ні пра зверствы ўлады, ні пра неверагодную мужнасць беларусаў і беларусак. Гэтая выстава – гэта даніна павагі не толькі рашучым жыхарам Беларусі. Гэта таксама даніна павагі беларускім журналістам, фатографам і мастакам, якія стварылі і паказалі свету сапраўдную хроніку беларускай рэвалюцыі 2020 года, – тлумачыць ідэю экспазіцыі Юлія Шаблоўская.

Выстава «Беларусь 2020. Траўма і смех».
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Выстава «Беларусь 2020. Траўма і смех».
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Акрамя рэпарцёрскай фатаграфіі, наведвальнікі ўбачаць выставу вулічнага мастацтва і плакатаў ад такіх беларускіх мастакоў, як Андрэй Пічкушын, Ганна Радзько, Ганна Мурайда, Вольга Балай і Вольга Мішанава. Сваімі творамі яны адлюстроўваюць сацыяльна-палітычныя пераўтварэнні ў краіне. Уся выстава вытрыманая ў канвенцыі вулічнага мастацтва, якая перадае рэвалюцыйную атмасферу пратэстаў.

Экспазіцыя «Беларусь 2020. Траўма і смех» – першая, арганізаваная ў новых выставачных памяшканнях цэнтру міжкультурных творчых ініцыятываў «Rozdroża» у Любліне. Фатаграфіі і плакаты беларускіх мастакоў таксама можна паглядзець на сайце www.rozdroza.com, медыя-партнёрства над якім узяў на сябе «Белсат».

Выстава «Беларусь 2020. Траўма і смех».
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

Стужка навінаў