Ave Maria: У Котаўке не будзе касцёла


У менскім скверы Котаўка не будзе касцёла, паведамляе каталіцкі часопіс «Ave Maria» са спасылкай на пробашча парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла, айца Дзмітрыя Занямонскага.

«Касцёл у скверы Котаўка не будзе пабудаваны. Нам быў прапанаваны новы ўчастак зямлі, і мы далі згоду на яго. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч гэтую прапанову зацвердзіў. Цяпер вядзецца праца па падрыхтоўцы неабходнай дакументацыі», — распавёў Дзмітрый часопісу Ave Maria.

Новы ўчастак для будаўніцтва касцёла будзе размешчаны «у зоне грамадзкай забудовы па вуліцы Някрасава».

Планавалася пабудаваць касцёл у менскім скверы Котаўка. Для гэтага будаўніцтва, паводле мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, быў атрыманы дазвол ад Аляксандра Лукашэнкі, аднак летась у траўні, калі ў сквер прыехала брыгада «Зеленбуду», каб падрыхтаваць участак, ёй перашкодзіла група мясцовых жыхароў і актывістаў экалагічнай арганізацыі «Зялёная сетка».

Пратэстоўцы заяўлялі, што будаўніцтва не мае законных падставаў. У выніку шматлікіх пратэстаў «зялёных» і мясцовых жыхароў будаўніцтва было прыпынена, а потым перанесена ў іншае месца.

ВД, паводле ave-maria.by

Стужка навінаў