Аўстрыя часткова прыпыняе ўдзел у Шэнгене


Аўстрыя вяртае памежны кантроль, тым самым часткова прыпыняючы свой удзел у Шэнгенскім пагадненні. Пра гэта ў інтэрвʼю газеце «Österreich» паведаміў федэральны канцлер Вернер Файман.

«Цяпер на мяжы трэба будзе прадʼявіць дакумент, які засведчвае асобу. Калі Еўразвязу не ўдаецца гарантаваць бяспеку вонкавых межаў, то выкананне Шэнгенскага пагаднення ў цэлым ставіцца пад пытанне. У гэтым выпадку кожная краіна павінна кантраляваць свае межы», – заявіў кіраўнік аўстрыйскага ўраду.

Паводле канцлера, з 17 студзеня ўлады будуць узмоцнена кантраляваць перамяшчэнне мігрантаў і высылаць тых, хто не мае права на прытулак або не падаў адпаведнага прашэння на атрыманне адпаведнага статусу. Файман раскрытыкаваў Брусэль за, на яго думку, занадта павольнае вырашэнне крызісу, звязанага з бежанцамі. «Шакіруе, што ў ЕЗ з яго складанай структурай не можа хутка вырашыцца такое важнае пытанне», – адзначыў ён.

Старшыня федэральнага ўраду таксама паабяцаў, што будзе блакаваць прадстаўленне фінансавай дапамогі ўсім краінам, якія адмаўляюцца прымаць перасяленцаў. «Хто не салідарны ў пытанні бежанцаў, павінен лічыцца з правам вета на гранты», – падкрэсліў Файман.

ЮВ, belsat.eu, паволе lenta.ru

Глядзі таксама
Каментары