Аперацыя «Бура»: 22 гады назад Харватыя ліквідавала «Наваросію» на сваёй тэрыторыі


Дзень перамогі і Дзень абаронцы Харватыі святкуюць кожны год 5 жніўня – менавіта ў гэты дзень у 1995 годзе харвацкая армія ўзяла горад Кнін і паклала канец існаванню непрызнанай Рэспубліцы Сербская Краіна (РСК) – мясцоваму варыянту сумнавядомай «Наваросіі».

Гэтыя паралелі з вайной на Данбасе былі агучаныя яшчэ ў 2014 годзе і рэгулярна згадваюцца ўкраінскімі і еўрапейскімі экспертамі. Можна не сумнявацца, што ўкраінскія вайскоўцы і зараз вывучаюць гісторыю аперацыі «Бура» (ці «Шторм») – апошняга бліцкрыгу ў Еўропе, які адбыўся так хутка, што Сербія нават не паспела прыйсці на дапамогу свайму марыянеткаваму ўтварэнню.

«Харватабандэраўцы» пад кіраўніцтвам антыфашысцкіх партызан

Яшчэ ў часы Югаславіі сербскія шавіністы сталі казаць, што сербы сталі ахвярай дыскрымінацыі ва ўсходніх раёнаў цэнтральнай Харватыі. Прапаганда распальвала антыхарвацкія настроі – асабліва пасля таго, як у 1990-м годзе на чале рэспублікі ўсталі прыхільнікі незалежнасці.

Нават тое, што прэзідэнтам Харватыі стаў Франья Туджман – нацыяналіст, але пры гэтым былы камандзір антынацыскіх чырвоных партызан, ніяк не замінала белградскаму тэлебачанню і газетам гаварыць пра «планы харвацкіх фашыстаў» ці то знішчыць усіх сербаў, ці то выгнаць іх у Сербію.

Сацыялістычная Федэратыўная Рэспубліка Югаславія да вайны. Фота wikipedia.org

У такіх умовах абвяшчэнне Харватыяй незалежнасці (у сувязі з парушэннем Бялградам канстытуцыі Югаславіі) прывяло да таго, што югаслаўскія войскі, якія падпарадкоўваліся лідару Сербіі Слабадану Мілошэвічу пры падтрымцы розных дабраахвотных мясцовых і немясцовых фармаванняў атакавалі харвацкую тэрыторыю ў 1991 годзе і захапілі яе частку.

На захопленай тэрыторыі была абвешчаная «Рэспубліка Сербская Краіна», а харвацкае насельніцтва стала ахвярай этнічных чыстак і было вымушанае бегчы ў раёны, якія трапілі пад кантроль яшчэ да канца не створанай харвацкай арміі.

Знакаміты кліп часоў вайны з удзелам сапраўдных харвацкіх жаўнераў на песню, якая была напісаная на фронце галоўным выканаўцам

Пазней сербскае кіраўніцтва пачало аналагічную вайну і ў Босніі, дзе жылі баснійцы-мусульмане, харваты-католікі і сербы-праваслаўныя. Паступовы рост узаемнай жорсткасці прывёў да масавых парушэнняў правоў чалавека, якія з боку сербскіх фармаванняў даходзілі да генацыду.

Пры гэтым уплыў на канфлікт з боку міжнароднай супольнасці цяжка ацаніць адназначна – былі ўведзеныя войскі ААН, але яны часта проста ігнаравалі тэрор у адносінах да мірных жыхароў. Абвяшчаліся часовыя замірэнні, але Боснія і Харватыя не маглі легальна набываць зброю з-за эмбарга ААН, што давала перавагу сербскім узброеным фармаванням.

У 1995 годзе лінія фронту была, як зараз на ўсходзе Украіны, даволі стабільнай. Актыўныя баявыя дзеянні працягваліся ў асноўным у Босніі.

Зацішша перад «Бурай»

Пасля чатырох гадоў вайны харвацкаму кіраўніцтву стала зразумела, што вярхушка РСК, існаванне якой было звязанае з падтрыманнем антыхарвацкай істэрыі сярод сербскага насельніцтва, не пойдзе на рэінтэграцыю нават на ўмовах шырокай аўтаноміі. Акрамя таго існавала небяспека, што РСК будзе афіцыйна ўключаная ў склад Саюзнай Рэспублікі Югаславія (якая цяпер складалася толькі з Сербіі і Чарнагорыі).

Дзеля таго, каб югаслаўскія войскі з тэрыторыі Сербіі не маглі хутка прыйсці на дапамогу войскам РСК, было вырашана нанесці нечаканыя і хуткія ўдары, якія не дазволяць праціўніку дачакацца падмацавання.

Харвацкія жаўнеры з супрацьтанкавым гранатамётам у 1992 годзе. Фота wikimedia.org

Адначасова харвацкая армія актыўна вучылася і мадэрнізавалася – у 1991 годзе яе стваралі фактычна з нуля на аснове паліцэйскіх і паўпартызанскіх дабраахвотніцкіх фармаванняў, якія супрацьстаялі добра ўзброеным рэгулярным югаслаўскім баявым часткам.

Яшчэ раней, улічваючы неаднолькавую інтэнсіўнасць баявых дзеянняў на розных участках вельмі вялікага фронту і няроўнасць падрыхтоўкі розных фармаванняў, узброеныя сілы Харватыі былі падзеленыя на гвардзейскія, звычайныя армейскія часткі і часткі мясцовай абароны.

З пераходам да наступальнай стратэгіі планавалася гвардзейскія часткі, найлепш узброеныя і падрыхтаваныя, выкарыстоўваць для прарыву абароны праціўніка, а астатнія павінныя былі развіваць поспех, ізаляваць кропкі, дзе вораг яшчэ супраціўляецца і ўтрымліваць фронт на другасных кірунках.

Была сабраная і ўмацаваная для падтрымкі наступленняў артылерыя – якая грае важнейшую ролю і цяпер на Данбасе.

Follow the storm as the storm begins to rise

Першай значнай наступальнай аперацыяй, якая стала правобразам будучай «Буры», стала аперацыя «Маланка» – супраць сілаў РСК у адным з анклаваў, адасобленых ад асноўнай тэрыторыі «Сербскай Краіны». Аперацыя пачалася 1 траўня і скончылася поўнай перамогай 3 траўня 1995 году – сербскія фармаванні былі агаломшаныя, не змаглі арганізавацца для адпору і пераважна проста разбегліся перад харвацкім націскам.

Цікава, што аперацыяй «Маланка» камандаваў харвацкі генерал Янка Бабетка – як і Туджман былы прасавецкі партызан, які падчас Другой сусветнай вайны ваяваў супраць нацыстаў. Ён жа ўдзельнічаў у планіраванні будучай «Буры».

Генерал Янка Бабетка (злева на першым плане) сярод харвацкіх жаўнераў і афіцэраў. Фота croatia.org

Харваты атрымалі важны баявы досвед. Таксама аперацыя мела і значны палітычны эфект, бо ўзняла баявы дух харватаў і абвастрыла супярэчнасці ў кіраўніцтве «РСК» і Югаславіі – там пачаліся публічныя спрэчкі пра тое, хто вінаваты ў паразе, якую немагчыма было схаваць прапагандай.

Пасля гэтай перамогі харвацкі генеральны штаб спланаваў самую вялікую баявую аперацыю, якая адбылася ў Еўропе з канца Другой сусветнай вайны. Адначасовымі ўдарамі з поўначы, захаду і ўсходу 130 тыс. харвацкіх (з іх 40 тыс. спецыяльна мабілізаваных рэзервістаў) і 3 тыс. баснійскіх жаўнераў павінныя былі за 4 дні разграміць 35-тысячную сербскую групоўку, якая занімала пазіцыі ў складанай для наступу горнай мясцовасці.

Фронт наступлення склаў больш за 600 кіламетраў. Пад прыкрыццём агню моцнай артылерыі 4 жніўня 1995 году харвацкія войскі пайшлі наперад, выкарыстоўваючы ўжо адпрацаваную тактыку – гвардзейцы прарывалі фронт і не затрымліваючыся ішлі наперад. Астатнія войскі ішлі за імі і, калі трэба, блакавалі пазіцыі, на якіх сербы яшчэ абараняліся.

Сербы дапусцілі тыя ж памылкі – не мелі эфектыўных рэзервовых груповак, намагаючыся абараняць увесь вялізны фронт. Ужо ў першы ж дзень яны былі вымушаныя выкарыстаць свой адзіны заўважны рэзерв – «Корпус спецыяльнага прызначэння».

Рэпартаж харвацкага тэлебачання пра вызваленне Кніна

Ужо вечарам 4 жніўня кіраўніцтва «РСК» пакінула сваю сталіцу Кнін і абвесціла пра пачатак эвакуацыі мірнага насельніцтва – то бок фактычна заклікала насельніцтва бегчы ў Сербію і сербскія раёны суседняй Босніі.

5 жніўня Кнін быў без бою ўзяты харватамі, у гэты дзень сербскія войскі адступалі ўжо па ўсёй лініі фронту, часам адначасова з калонамі ўцекачоў. Вечарам 7 жніўня міністр абароны Харватыі Гойка Шушак абвесціў пра заканчэнне аперацыі, але яшчэ тыдзень харваты займаліся тым, што збіралі палонных і ліквідавалі тых, хто яшчэ супраціўляўся.

Харвацкая армія вызваліла больш чым 10 тыс. кв. кіламетраў сваёй зямлі – амаль 20% тэрыторыі – страціўшы толькі 211 чалавека забітымі і 3 палоннымі. Былі забітыя як мінімум 560 і ў палон патрапілі 4 тыс. сербскіх жаўнераў і афіцэраў.

Уцекачы і пераслед генералаў

У выніку аперацыі загінулі ад 214 (па харвацкіх дадзеных) да 1.192 (па сербскіх дадзеных) мірных жыхароў. Больш за 150 тыс. сербаў збеглі з «Сербскай Краіны» ад агнявога валу ці таму, што баяліся харвацкіх рэпрэсіяў у адказ на папярэднія сербскія этнічныя чысткі.

Пазней харвацкага генерала Антэ Гатавіну, які адыграў важную ролю падчас аперацыі «Бура», і некаторых харвацкіх афіцэраў абвінавацілі ў ваенных злачынствах супраць сербскага насельніцтва – стральбе па мірных кварталах і забойствах, якія ўчынілі асобныя жаўнеры. Выдачу Гатавіны нават зрабілі ўмовай уступлення Харватыі ў Еўразвяз.

«Судзяць мяне». Дуэт Міраслава Шкора і Марка Перкавіча у гонар абвінавачаных харвацкіх генералаў

У 2005 годзе генерал у адстаўцы быў арыштаваны ў Іспаніі і не прызнаў сябе вінаватым у Міжнародным трыбунале па злачынствах у былой Югаславіі ў Гаазе. У 2012 годзе Гатавіна быў апраўданы, вызвалены і з трыумфам вярнуўся на радзіму, як і астатнія абвінавачаныя харвацкія вайскоўцы.

Падчас святкаванняў у Кніне 5 жніўня 2016 году прэзідэнт Харватыі Калінда Грабар-Кіратовіч скажа ў прамове:

«Яна (аперацыя »Бура«) заўсёды застанецца палітычна апраўданай, этычна чыстай і цудоўна праведзенай вызваленчай акцыяй».

Вядома, што як мінімум 132 707 сербскіх уцекачоў вярнуліся ў Харватыю да 2011 году.

Дзень перамогі

Добрая падрыхтоўка аперацыі, канцэнтрацыя сіл і хуткасць удараў на ўсіх кірунках скавалі ініцыятыву і зламілі дух арміі «РСК». Адначасова тэмп аперацыі проста не даў сербам у Босніі і Югаславіі нават магчымасці эфектыўна дапамагчы «Сербскай Краіне».

Аперацыя «Бура» стала стратэгічнай перамогай харватаў у барацьбе за тэрытарыяльную цэласнасць – усе астатнія невялікія сербскія анклавы пасля аперацыі пагадзіліся на мірную рэінтэграцыю. Больш за тое, поспех быў развіты ў Босніі – і гэта прымусіла баснійскую «Сербскую Рэспубліку» таксама сесці за стол перамоваў.

Прэзідэнт Харватыі Калінда Грабар-Кіратовіч падчас святкаванняў Дня перамогі 5 жніўня 2016 году

Харватыі, як у пэўнай ступені і Украіне, прыйшлося ствараць армію падчас вайны амаль з нулю – а гэта значыць зʼяўленне разнастайных фармаванняў, лепш і горш падрыхтаваных і ўзброеных.

Такім чынам галоўнае, што зрабілі харваты – гэта добрая сістэма ўзаемадзеяння, сувязі, забеспячэння і медычнага забеспячэння гэтых адзінак. У 1994-1995 гадах харвацкае кіраўніцтва змагло інтэграваць гэтыя фармаванні ў адзіны армейскі арганізм і пры гэтым добра выкарыстаць своеасаблівасці розных частак.

Можна не сумнявацца, што ўкраінскія вайскоўцы і эксперты зараз вывучаюць падзеі 1995 году – аднак перад украінскімі вайскоўцамі зараз стаіць значна больш вялікая і складаная праблема, бо за спіной «Наваросіі» стаіць не Югаславія Слабадана Мілошэвіча, а Расея з яе значна большым патэнцыялам, у тым ліку атамным. Аднак наўрад ці можна сумнявацца, што праз год, пяць год ці праз 10 год, калі не будзе надзеі на мірную рэінтэграцыю акупаваных раёнаў, бура прагрыміць яшчэ раз.

Глядзіце таксама:

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў