Някляеў: У выбарах удзельнічае не Караткевіч, а сіла, якая спрабуе ёй маніпуляваць


Апазіцыя патрабуе выбараў з удзелам Статкевіча. Былы палітвязень анансаваў пачатак грамадскай кампаніі, якая мае данесці да людзей, што выбары ўжо сфальсіфікаваныя.

Сёння адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідару стваранага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзіміра Някляева і сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца. Падчас яе прагучала некалькі гучных заяваў.

«Не Таццяна Караткевіч удзельнічае ў выбарах гэтага года. Удзельнічае сіла, якая стаіць за ёй і якая спрабуе ёй маніпуляваць», – заявіў былы кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Някляеў у каментары «Белсату».

«Мы да канца будзем прапаноўваць Таццяне гэта зразумець і перайсці на бок сапраўднай дэмакратыі, сапраўдных людзей, якія змагаюцца за сапраўдную свабоду гэтай краіны. Калі гэтага не станецца, а я спадзяюся, што станецца, бо яна вельмі прыстойны ўнутрана чалавек, проста яе абдурылі, абалванілі, дык калі гэтага не стане, мы будзем лічыць, што ўсе гэтыя людзі працуюць на баку рэжыму. Будзем адкрыта пра гэта казаць», – адзначыў Уладзімір Някляеў.

[vc_single_image image=”368376″ img_size=”large”]

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч анансаваў пачатак грамадскай кампаніі, якая мае данесці да людзей, што выбары ўжо сфальсіфікаваныя.

Паводле Статкевіча, усе яны ацэньваюць тое, што адбываецца на палітычным полі Беларусі, «як сфальсіфікаваныя выбары». Прычым зроблена гэта было «не ў бюлетэнях, выніковых пратаколах», а ў «спісах кандыдатаў», адзначыў палітык.

«Лукашэнка ў 1990-х гадах быў гатовы здаць нас шасцю абласцямі за галоўную пасаду ў Крамлі, – сказаў былы палітзняволены. – Пастарэўшы і зразумеўшы, што трона ў Крамлі яму не бачыць, ён гатовы здаць за пару мільярдаў, але абараняць з аўтаматам ён тут нічога не будзе… Мы будзем супрацьстаяць гэтаму, не дапусцім легітымізацыі гэтых выбараў і Лукашэнкі як прэзідэнта», – заявіў Статкевіч.

«Я прыйшоў падтрымаць Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты. Ён – кандыдат яшчэ з 2010 года», – адзначыў Уладзімер Някляеў.

Статкевіч падкрэсліў, што лепшая маральная пазіцыя для грамадзянаў у гэтай сітуацыі – «поўнасцю ігнараваць гэтае шоу». «Нават байкот – гэта занадта гучнае слова для таго, што адбываецца. Байкатаваць можна толькі справядлівыя выбары», – заявіў ён.

«Мы будзем праводзіць грамадскую кампанію, каб давесці беларусам нашу пазіцыю. Будзем патрабаваць нармальных дэмакратычных выбараў. Вядома, гэта наша апошняя задача, магчыма, яна расцягнецца на гады», – дадаў Статкевіч.

У дэмакратычных выбарах ён мае намер узяць удзел, нягледзячы на забарону з-за судзімасці. «У свабодных выбарах не могуць удзельнічаць злачынцы, але я не злачынец, – заявіў Статкевіч. – Сапраўдны злачынец усім вядомы. Вось ён не мае права ўдзельнічаць, ён неаднаразова парушаў Канстытуцыю».

belsat.eu, паводле belapan.by, tut.by

Стужка навінаў