Ангела Мэркель перамагла Марціна Шульца ў тэлевізійных дэбатах


Канцлер ФРГ набрала 55 % галасоў, яе асноўны канкурэнт – 35 %.

Дэбаты паміж ключавымі прэтэндэнтамі на пасаду канцлера Германіі прайшлі ўвечары нядзелі, 3 верасня, у эфіры каналу ARD. Перамогу ў іх атрымала канцлер ФРГ Ангела Мэркель, падае Deutsche Welle са спасылкай на вынікі апытання, якое правёў інстытут сацыялагічных даследаванняў Infratest dimap на замову ARD.

Паводле звестак даследавання, дзейная кіраўнічка ўраду і блока ХДЗ/ ХСЗ (CDU/CSU) набрала 55 % галасоў рэспандэнтаў. У яе ключавога канкурэнта на выбарах у бундэстаг, кандыдата ад сацыял-дэмакратаў Марціна Шульца – 35 %.

На думку ўдзельнікаў апытання Infratest dimap, Мэркель трымалася больш упэўнена, чым яе супернік, падчас абмеркавання цэлага шэрагу тэм. Гэтак, 44 % апытаных аддалі перавагу канцлеру ФРГ у пытанні міграцыйнай палітыкі і ўцекачоў, у той час як Шульца падтрымалі 39 % рэспандэнтаў.

За тое, каб Мэркель засталася на пасадзе федэральнага канцлера на новы тэрмін, большасць немцаў выказалася ўжо год таму.

Парламенцкія выбары адбудуцца ў Нямеччыне 24 верасня.

ДД

Глядзі таксама
Каментары