Алег Трусаў: у «ТБМ» няма праблем з дыялогам з уладай, гэта НДА ня хочуць працаваць з дзяржаваю


Няўрадавыя дэмакратычныя арганізацыі скардзяцца на адсутнасць дыялогу з уладай, ладзяць сходы па выяўленню прычынаў гэтага. Але такая праблема кранае не ўсе НДА: у «Таварыства беларускай мовы», па меркаванню яе кіраўніка Алега Трусава, з дыялогам усё добра. Хто вінаваты ў адсутнасці дыялогу паміж НДА і дзяржавай? Чаму беларусы ня любяць «грантасмокаў»? Ці перанясуць з Менску сталіцу Беларусі і навошта гэта рабіць? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае гісторык, археолаг і кіраўнік «ТБМ» Алег Трусаў.

«Дзяржава хацела нас знішчыць, але мы знайшлі велізарныя грошы – і яны сталі нас паважаць»

– З’явілася інфармацыя, што з-за павышэння коштаў арэнды офісу (цяпер гэта больш за 14 мільёнаў), у «ТБМ» ёсць праблемы з аплатай. Распавядзіце, калі ласка, пра гэта.

– Справа ў тым, што арэнду паднялі ўсім, па ўсёй краіне, не толькі нам, так што гэта не таму, што супраць «ТБМ»: кошт арэнды паднялі ўсім установам, якія арандуюць памяшканні ў дзяржавы.

– Тры гады таму ўжо было павышэнне (тады да 9-ці мільёнаў), што ў вас таксама выклікала праблемы – за гэты час была нейкая размова з уладай наконт дапамогі?

– Так, тры гады таму паднялі, і зараз паднялі – таму мы зноў і звяртаемся. Мы не тая арганізацыя, якой дзяржава будзе дапамагаць, бо мы для яе як костка ў горле.

– Вы звязваеце гэтую недапамогу з абыякавасцю дзяржавы да лёсу беларускай мовы?

– Я б сказаў, што былі перыяды, поўныя варожасці да беларускай мовы, а цяпер мы ўжо пераходзім да перыяду абыякавасці – то бок сітуацыя палепшала. У свой час нашую сядзібу апячаталі, выкінулі «ТБМ» і выставілі нам такія рахункі… Яны хацелі нас знішчыць.

Тым не менш, мы грошы знайшлі, заплацілі, і пасля гэтага дзяржава стала нас паважаць, бо мы – адзіная арганізацыя, якая знайшла велізарныя грошы і выкупіла гэтую сядзібу назад. Мы заплацілі больш за 15 тысяч долараў – тады гэта былі проста шалёныя грошы.

Але мы іх знайшлі і вярнуліся назад з дапамогаю Бураўкіна (тады ён быў кіраўніком ТБМ). Усё гэта адбывалася ў 1997-1998 гадах.

– І вы выкупілі тое памяшканне?

– Не, выкупіць нам яго не дазволілі – мы заплацілі тыя пазыкі па арэндзе, з-за якіх «ТБМ» выселілі. Да прыхода Лукашэнкі да ўлады «ТБМ» атрымлівала вельмі вялікія ільготы ад дзяржавы, а пасля прыхода Лукашэнкі ўсе гэтыя ільготы скасавалі. І атрымалася так, што «ТБМ» апынулася вінная дзяржаве шалёныя грошы. Нас выселілі, усё апячаталі і далі тэрмін на пошукі грошай.

– Вы кажаце, што была варожасць, цяпер абыякавасць – будуць і больш пазітыўныя перыяды?

– Канешне, але калі гэтая ўлада зменіцца. А тое, што яна зменіцца, гэта зразумела кожнаму – толькі невядома калі (смяецца). Вечна яна ня будзе і цяпер да канца падыходзіць яе час – гэта бачна. Яшчэ 20 гадоў яна ніяк не праіснуе нават фізічна, як бы ні хацела.

«Грантасмокі» – другі бок дыктатуры»

– Атрымліваецца, вам нейкія міжнародныя арганізацыі дапамагаюць існаваць?

– Мы – адзіная арганізацыя ў Беларусі, якая ў асноўным абыходзіцца за кошт сродкаў беларускіх грамадзянаў – у гэтым нашая сіла. Замежная дапамога бывае, але яна складае максімум 20-25 адсоткаў, а ёсць некалькі гадоў, калі мы наагул цалкам на сваіх ахвяраваннях існавалі. Мы не з’яўляемся стоадсоткавымі «грантасмокамі» – зрэдку мы атрымліваем гранты (пры тым афіцыйна, праз дзяржаву), але ніводзін замежны грант ніколі цалкам арэнду не аплоціць – ад сілы 25 адсоткаў.

– Як Вы лічыце, чаму беларусы негатыўна ставяцца да тых, хто залежыць ад замежных грантаў на 100 адсоткаў?

– Бо тыя, хто жыве за гранты на 100 адсоткаў – гэта другі бок дыктатуры. З аднаго боку аверс, з другога боку – рэверс, і тыя, і тыя жывуць паводле сваіх законаў і зацікаўленыя адзін у другім. А простым людзям ад гэтага ні халадно, ні горача. У нас – адзіная арганізацыя, у якой кіраўніцтва не працуе за грошы. Мы валанцёры: у мяне ў штаце толькі бухгалтар ды кіраўнік, і плацім мы ім менш мільёна – проста па закону трэба, каб было пару платных працаўнікоў, каб арганізацыя існавала.

– Дык а на што вы ўсе жывяце?

– Кожны з нас працуе ў самых іншых установах. Я, напрыклад, выкладчык універсітэту, мая намесніца – супрацоўніца Акадэміі навук, ашчэр адзін намеснік – выкладчык педуніверсітэту, другі ў банку працуе.

– Нядаўна НДА закранулі праблему дыялогу з уладай – як Вы лічыце, чаму ён, як лічаць НДА, у такім кепскім стане? Ці вінаваціце Вы ў гэтым рэжым?

– Ведаеце, у мяне, напрыклад, у «ТБМ» дыялог з дзяржавай вельмі добры, у нас няма з ім праблем: на мае лісты адказваюць і міністры, і ўсе, і даволі часта – станоўча. То бок у нас дыялог з дзяржавай гадоў дзесяць, можа больш, ёсць і вынікі. Я лічу, што НДА проста з дзяржавай працаваць ня хочуць, а калі ня хочуць працаваць, то няма і дыялогу.

Пра перанос сталіцы: «Спачатку адпіска, а праз год-два яны выдадуць маю ідэю за сваю – і зробяць»

– «ТБМ» звярталася да ўлады з прапановай перанесці сталіцу Беларусі ў Полацк, і атрымала адмову. А навошта такая прапанова?

– Гэта прапанова, каб выратаваць Беларусь, бо Менск з’ядае Беларусь. У Менску ўжо цяпер жыве два мільёны. У такой сітуацыі сталіца пераносіцца. Успомніце Бразілію, Казахстан – гэта нармальная з’ява: каб выратаваць краіну трэба перанесці сталіцу – і спыніцца рост мегаполісу. Я гэта казаў як прафесійны гісторык і, думаю, да гэтага мы прыйдзем, ня з гэтай уладай, дык з іншай. Спыніць Менск можна толькі прыбраўшы сталіцу – гэта закон гісторыі, так у свой час зрабіла Расея, кінула Маскву, а каб не кінула – не была б яна еўрапейскай дзяржавай.

І ўлада мне не адмовіла, проста напісала, што гэта цяжка. Я ведаю, што цяжка, і прапаноўваю праграму на дзесяць гадоў –  трэба знайсці інвестараў, збудаваць новы цэнтр. І гэтую ідэю падтрымала маса грамадзянаў – яна была друкаваная ва ўсіх СМІ. З тым, што сталіцу з Менску трэба прыбраць, пагаджаюцца ў першую чаргу менчукі – жыць у такім горадзе з кожным годам усё цяжэй і цяжэй.

– Вы не думаеце, што адказ уладаў – звычайная адпіска? І што нічога яны рабіць ня будуць?

– Я адкажу вам так: спачатку адпіска, а праз год-два яны выдадуць маю ідэю за сваю і зробяць, бо ўся нашая супраца з уладамі такое: першы раз адпіска, а праз два гады – усё рэалізоўваюць, але ўжо не ад імя «ТБМ», а ад імя нейкай уладнай структуры. Вось з вуліцамі, напрыклад: дзякуючы нам у Менску больш 30 вуліц з’явілася, у тым ліку і плошча Францішка Багушэвіча. Вось сёння яны сказалі, што будзе вуліца Ніла Гілевіча – і яна будзе, бо звычайна яны выконваюць свае абяцанні па вуліцах. Яшчэ ні разу не было, каб не выканалі.

– «ТБМ» прыдумала ініцыятыву – аб’яднаць і падтрымліваць усіх беларускамоўных кандыдатаў на будучых парламенцкіх выбарах. Цудоўна, што ў гэтай прапанове ёсць радок «нягледзячы на палітычныя перакананні». Але навошта гэта «ТБМ» і якога выніку вы чакаеце?

– Так, мы гэтай справай займаемся кожны дзень. Навошта? Каб пашырыць беларушчыну. Цяпер мы ад імя «ТБМ» ствараем групу беспартыйных кандыдатаў, якія прынцыпова будуць усю кампанію весці толькі па-беларуску. Потым мы хочам сабраць усіх зарэгістраваных кандыдатаў, каб яны прынялі рашэнне, што ідуць у «палатку» з мэтай яе ліквідаваць – каб гэтая «палатка» звалася Соймам, усе законы прымаліся па-беларуску. Можа нам гэта і ўдасца зараз ці праз чатыры гады. Я пагаварыў з усімі лідарамі дэмакратычных партый, і пакуль што ўсе яны згодны. Але ці атрымаецца гэта рэальна зрабіць – пакуль ня ведаю.

– Ахвотныя ўжо ёсць?

– Ужо асобаў дваццаць ёсць, якія далі згоду пад гэтымі лозунгамі ісці ў парламент і збіраць подпісы за свае кандыдатуры. А потым мы хочам далучыць партыйных дэмакратычных кандыдатаў, і калі іх усіх сабраць разам, можа будзе і сто чалавек.

– А ёсць тыя, хто не ўваходзіць у апазіцыю?

– Дык вось сярод іх я і спрабую сабраць беспартыйных людзей, якія не ўваходзяць ні ў якія партыі.

Гутарыў Яўген Балінскій, belsat.eu

Стужка навінаў