Дзяржаўная газета ў сметніцы. Актывісты падтрымалі Сяргея Ляпіна ў спрэчцы з «Гомельскай праўдай»


Фатаграфію з выпускам «Гомельскай праўды» над сметнікам выклаў блогер Максім Філіповіч.

Ён падпісаў здымак: «Выкідваў смецце і знайшоў у смеццевым баку газету. Не змог застацца абыякавым і забраў яе дахаты».

Мы запыталіся блогера, ці не баіцца ён, што выданне падасць у суд і на яго. На гэта Максім адказаў:

«Па-першае, я заўсёды пасля чытання газеты выкідваю альбо мангал ў бацькоў растопліваю. Па-другое, я яе не выкідваў, а знайшоў і выратаваў».

На ўчынак блогера адрэагаваў праваабаронца Леанід Судаленка. Ён напісаў, што ў адрозненні ад Максіма Філіповіча, выкінуў газету.

Актывіст сказаў «Белсату», што не баіцца пазову ў суд.

Таксама фота з газетай у Facebook павесіла грамадская дзяячка Яўненія Стрыжак.

«Гэтая газета – мая ўласнасць, я аддала за яе цэлых 28 капеек, і магу рабіць што заўгодна: набіваць ёй абутак, мыць ёй вокны, высцілаць сметніцу, пакласці ў каціную прыбіральню, рэзаць на ёй рыбу – не проста на «Гомельскай праўдзе», а нават на апублікаваным там партрэце Дворніка, Якабсона ці Лукашэнкі. «Гомельская праўда», хочаце мне гэта забараніць? Паспрабуйце», – напісала яна.

Канфлікт «Гомельскай праўды» з Сяргеем Ляпіным пачаўся пасля таго, як архітэктар падаў пазоў на газету ў суд за абразы. Ляпін неаднаразова крытыкаваў рэканструкцыю гістарычнага цэнтру, праспекту Касманаўтаў і будаўніцтва на габрэйскіх могілках. Адзін з аўтараў газеты называў Ляпіна ў сваіх публікацыях «правакатарам» ды іншымі зняважлівымі словамі. Ляпін патрабуе выданне даць абвяржэнне непраўдзівым звесткам і папрасіць прабачэння.

Пазней «Гомельская праўда» падала ў суд на ўрбаніста за фота, на якім ён трымае газету над урнай. У заяве адзначаецца, што фота, на якім Ляпін выкідвае газету, «не адпавядае рэчаіснасці».

Працэс на пазоў архітэктара працягнецца 5 ліпеня.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары