Актывістаў за 5 хвілінаў стаяння з плакатам у цэнтры Горадні пакаралі вялікімі штрафамі

video

У Горадні адбыўся суд над гарадзенскімі грамадскімі актывістамі, якія сёлета 19 верасня правялі акцыю памяці зніклых палітыкаў. Паводле пастановы суда, дзеячы мусяць выплаціць вялікія грашовыя пакаранні.

Суд над Анатолем Мышкевічам (сябрам «Грамады»), Сяргеем Верамеенкам (сябрам БХД) ды Віталём Мойсам адбываўся ў судзе Ленінскага раёну Горадні. Спадар Верамеенка на суд не з’явіўся, патлумачыўшы гэта сваёй прынцыповай пазіцыяй.

Працэс вяла суддзя Наталля Козел, якая ўжо не раз судзіла гарадзенскіх дэмакратычных актывістаў за падобныя акцыі. Сведкамі выступілі міліцыянты, якія і затрымалі актывістаў падчас правядзення пікету. Паводле актывістаў, суддзя ды сведкі паводзілі сябе прыстойна.

Пасля завяршэння суда Анатоль Мышкевіч адзначыў: «Судзілі нас за несанкцыянаванае правядзенне пікету, паводле ч. 1 артыкулу 24.34 Адміністратыўнага кодэксу Беларусі. Спагнанне мне і Віталю Мойсу прызначылі ў памеры 20 базавых велічынь (420 дэмінаваных рублёў), а Сяргею Верамеенку, хіба за тое, што не з’явіўся, – 25 базавых (525 дэмінаваных рублёў)».

Актывісты адзначылі, што абскарджваць прысуд не будуць, аднак праваабаронца Раман Юргель перакананы: «Варта абскарджваць! Прысуды вельмі суворыя і несправядлівыя, адзін з актывістаў беспрацоўны, другі мае двух няпоўнагадовых дзяцей».

Праваабаронца адзначыў, што беларуская судовая сістэма не прытрымліваецца рэкамендацыяў Міжнароднага пакту аб грамадскіх і палітычных правах, а ў дадзеным выпадку парушае права на свабоднае выказванне меркавання (артыкул 19 Міжнароднага пакту) ды права на правядзенне мірных сходаў (артыкул 21 Міжнароднага пакту).

Пікет, падчас якога трое актывістаў стаялі з партрэтамі зніклых палітыкаў, пачаўся ў Горадні на вуліцы Савецкай 19-га верасня а 17:00 гадзіне. На вялікім аркушы, які трымалі ў руках пікетоўцы, былі прымацаваныя партрэты зніклых Дзмітрыя Завадскага, Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі. Быў таксама партрэт раптоўна памерлага ў 1999 годзе апазіцыйнага палітыка Генадзя Карпенкі. Зверху было дапісана: «Мы памятаем».

Актывісты змаглі прастаяць з партрэтамі зніклых дзеячаў толькі блізу 5 хвілін. Да пікетоўцаў падʼехаў шэры бус без апазнавальных знакаў, куды і запрасілі ўсіх удзельнікаў акцыі.

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары