Маршы не-дармаедаў пройдуць у Менску, Магілёве і Гомлі (адноўлена)


Прэсавая канферэнцыя супраць Дэкрэта аб "дармаедстве". Фота Facebook

Аргкамітэт, створаны па ініцыятыве АГП, зладзіў прэсавую канферэнцыю, у якой узялі ўдзел дзевяць партыяў. Акрамя трох правацантрыстскіх: АГП, БХД, «Рух за свабоду», сярод іх жаночая партыя «Надзея», партыя зялёных, беларускі прафсаюз работнікаў РЭП і іншыя.

«Дзяржава мае змагацца з беспрацоўем, а не з беспрацоўнымі», – асноўная думка, якую аб’яднаны арганізацыйны камітэт хоча данесці да ўладаў.

Распачаў прэсавую канферэнцыю Анатоль Лябедзька, старшыня АГП. Ён у чарговы раз заявіў: «Маршу не-дармаедаў – быць!».

«Маршы пройдуць не толькі ў Менску. Яны будуць праходзіць і ў рэгіёнах», – адзначыў Анатоль Лябедзька.

У Магілёве марш пройдзе 19 лютага, у гэты ж дзень – у Гомлі.

Беларусы выступаюць супраць дэкрэта аб «дармаедстве» (відэа)

За адмену закону падпісваюцца тыя, хто не можа знайсці працу, маладыя маці ды проста неабыякавыя.

«Ёсць шэраг іншых гарадоў, у якіх шалёнае беспрацоўе», – адзначыў адзін з чальцоў аргкамітэту.

«Мы гатовыя арганізаваць падтрыманне для іншых гарадоў. Але ініцыятыва павінна сыходзіць з рэгіёнаў», – дадаў Лябедзька.

Чытайце таксама:

Сваю пазіцыю таксама выказаў праваабаронца Алег Воўчык. Ён паведаміў, што ў сродках масавай інфармацыі ўжо з’яўляюцца паведамленні пра самагубства праз дэкрэт аб «дармаедах». З пачатку года зафіксавана два такіх выпадкі.

«Мы прапануем не плаціць, а абскардзіць», – падкрэслівае праваабаронца.

«Чым больш людзей не заплаціць гэты падатак, тым большая магчымасць адмяніць гэты закон», – дадае адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

Слова ўзяў Мечыслаў Грыб. Ён падкрэсліў, што дэкрэт аб «дармаедах» супярэчыць дзевяці артыкулам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Як плануецца правесці акцыі?

Заяўка аб правядзенні шэсця не-дармаедаў будзе перададзеная ў Менгарвыканкам у наступны панядзелак, 30 студзеня, а 12 гадзіне.

Абраны фармат акцыі – дэманстрацыя. Збор удзельнікаў адбудзецца каля Акадэміі навук. Пасля яны плануюць рухацца на плошчу Бангалор.

«Мы хочам прыцягнуць на акцыю новых людзей. Зыходзячы з гэтага вырашылі зрабіць «мяккі» фармат», – дадаў спадар Лябедзька.

Як яшчэ можна падтрымаць ініцыятыву?

На мінулым тыдні беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) распачалаў ініцыятыву збору подпісаў на сайце zvarot.by. Удзельнікі прэсавай канферэнцыі звярнуліся да жыхароў краіны з просьбай яе падпісаць і дапамагчы распаўсюдзіць па сеціве.

Таксама актывісты прапануюць распаўсюджваць інфармацыю пра адмену дэкрэту пра «дармаедаў» па сацыяльных сетках:

«Мы заклікаем людзей выкарыстоўваць хештэг #янедармаед!».

Ганна Канапацкая звярнулася 10 студзеня да кіраўніка дзяржавы з прапановай адмяніць дэкрэт №3. Сваю пазіцыю Ганна абгрунтоўвае ў «Гарачым каментары».

ВД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары