«Улады стрыгуць голую авечку». Лябедзька пра Марш дармаедаў


15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, АГП хоча зладзіць Марш «дармаедаў», каб «дапамагчы Лукашэнку прызнаць, што дэкрэт аб “дармаедах” – памылка».

Актывісты партыі на чале з Лябедзькам пачалі ў Менску 18 студзеня збор подпісаў за адмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Больш за гадзіну яны збіралі подпісы на пляцоўцы каля Камароўскага рынку.

«Як палітычныя структура, мы не можам быць убаку, – кажа лідар партыі Анатоль Лябедзька ў «Гарачым каментары». – Зрэшты, мы грамадзяне Беларусі – мноства чальцоў АГП атрымала гэтыя лісты».

Актывісты партыі збіраюць подпісы за адмену дэкрэту таксама ў рэгіёнах – у Магілёве, Бярозе, Івянцы, Пружанах і Баранавічах. Адбываецца гэта ў межах абвешчанай АГП кампаніі «Змагацца трэба з беспрацоўем, а не з беспрацоўнымі».

Падатак лепш не плаціць

Сабраныя подпісы плануецца перадаць дэпутату ад АГП у Палаце прадстаўнікоў Ганне Канапацкай, каб яна магла прадэманстраваць іх колькасць пры абмеркаванні нядаўняга дэкрэту № 1, які карэктуе дэкрэт «аб дармаедах».

Паводле Лябедзькі, дэпутат зможа выйсці да трыбуны і сказаць, што яна не яна адна выступае супраць гэтага дэкрэту, што за ёй – шмат беларусаў.

«Улады спрабуюць стрыгчы голую авечку. Разам з тым яны не ствараюць новыя працоўныя месцы, не прыцягваюць інвестыцыяў – праблема вось у гэтым, – кажа Лябедзька. Таму падатак на дармаедства лепш не плаціць».

На 19 студзеня АГП запланавала правесці пасяджэнне аргкамітэту прапанаванай партыяй вулічнай акцыі – «маршу дармаедаў». Хто выступіць яе заяўнікам, пакуль невядома, аднак партыя будзе выходзіць з прапановай да іншых апазіцыйных структур аб падтрыманні.

ДД

Стужка навінаў