Атрымала «ліст шчасця» і павесілася. У Рагачове – першая ахвяра падатку


Патрабаванне заплаціць падатак стала апошняй кропляю для жыхаркі Рагачова, якая два гады таму страціла працу.

У снежні 2016-га жыхарка Рагачова павесілася пасля атрымання паведамлення з патрабаваннем заплаціць «падатак на дармаедства». Пра першую ахвяру новага падатку паведаміў рэгіянальны партал «Рагачоў Online».

«Натуральна, «ліст шчасця» быў не адзінай прычынай такога рашэння – тут назбіраўся цэлы комплекс праблемаў, з якімі сутыкнулася жанчына», – кажа ў размове з «Белсатам» рэдактар выдання Дзяніс Дашкевіч.

«Два гады таму яна страціла працу, фінансавы стан жанчыны быў вельмі кепскім, выжываць ёй дапамагала падсобная гаспадарка. У яе двое дарослых дзяцей, яна жыла адна ў хаце ў цэнтры гораду, па вуліцы Розы Люксембург – і жыла не ў вельмі добрых умовах: у яе, напрыклад, не было калонкі з вадой», – кажа Дашкевіч.

Паводле рэдактара, увесь Рагачоў ужо ведае пра гэтую справу праз сарафаннае радыё – горад невялікі.

«Самабойствы на фінансавай глебе – не першы выпадак у горадзе. Нядаўна на Дняпры застрэліўся мужчына», – кажа Дашкевіч. – Медыі падавалі, што праз сварку з жонкай, але з жонкай ён сварыўся з-за грошай – яна папракала яго тым, што ён не можа зарабіць на крэдыт».

Дэкрэт «аб дармаедах» быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам летась у красавіку, і ўжо праз некалькі месяцаў падаткавікі заяўлялі, што некаторыя нормы дэкрэту трэба адкарэктаваць: маўляў, не ўсе «дармаеды» – дармаеды, то бок беспрацоўныя, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Дзяніс Дзюба

Чытайце таксама:

Стужка навінаў