Агінскі супраць зомбі або Як паўстаў першы беларускі зомбі-хорар


Прэзентацыя кнігі "1813" у Горадні. Городня Васіль Малчанаў/ Белсат

Блогер і краязнаўца з Маладзечна Уладзімір Садоўскі ўзбагаціў сучасную беларускую літаратуру нетыповым для Беларусі жанрам «зомбі-хорар», выдаўшы кнігу «1813». Разам з аўтарам разбіраемся, чаму людзі любяць жахліўчыкі і што паўплывала на паўстанне кнігі.

Уладзімір Садоўскі па прафесіі інжынер-энэргетык, вядзе краязнаўчы блог Маладзечна і цікавіцца міжваеннай архітэктурай. Аднойчы ён вырашыў напісаць зомбі-хорар і зрабіў гэта цягам трох месяцаў, пішучы кожны дзень па 2-3 гадзіны пасля працы. На краўдфандынгавым зборы цягам месяца сабраліся грошы на кнігу, якая выйшла ў колькасці 500 асобнікаў і некалькі месяцаў назад увайшла ў фінал прэміі «Дэбют». Што натхніла наваспечанага пісьменніка на «жахлівы» літаратурны жанр, у якім кампазітар Міхал Клеафас Агінскі змагаецца з зомбі дый яшчэ ў Маладзечне?

Уладзімір Садоўскі, аўтар першага ў Беларусі зомбі-хорару “1813”. Городня Васіль Малчанаў/ Белсат

«Хацелася стварыць зомбі-хорар, бо я цікаўлюся гэтым жанрам. Як краязнаўца, хацеў, каб падзеі адбываліся менавіта ў Маладзечне. Там да 19-га стагоддзя стаяў замак дзядзькі Агінскага, якога ён перыядычна наведваў. Агінскі ўвогуле асоба вельмі шматгранная: ён і паўстанцам быў, змагаўся супраць Расейскай імперыі, потым быў яе сенатарам і нават шпіёнам. А калі я думаў, адкуль бы ў нас узяліся гэтыя замбакі, пачаў капаць у гісторыі і адкрылася, што падчас падзеяў 1812-га года, калі напалеонаўскія войскі адступалі, была адна з бітваў, пасля якой было шмат непахаваных жаўнераў. Пры чым афіцыйныя гісторыкі сцвярджаюць, што целы знаходзілі ажно да 1814-га года. Знаходзілі парэшткі, косткі на палях. І я падумаў, што гэта добрая глеба для паўстання замбакоў», – распавядае Уладзімір.

Згодна з сюжэтам, менавіта французкія жаўнеры сталіся першаснымі зомбі. Даведаўшыся, што наш край вызвалены ад напалеонаўскіх войскаў, Агінскі вырашае паехаць да дзядзькі ў Маладзечна. Дзеянне адбываецца напрыканцы зімы, калі наступае адліга, пачынае раставаць зямля, з якой высоўваюцца трупы-пачвары. Як тлумачыць сам аўтар, зомбі-хорар гэта не толькі выдумка, а апісанне развіцця пандэміі, масавага захворвання, толькі ў іншай форме.

«Гіпертафаваная алюзія на пандэмію»

Зомбі-хорар “1813”. Горадня Васіль Малчанаў/ Белсат

«Вось такія пандэміі, яны якраз у гісторыі, калі сачыць, звязаны з войнамі вялікімі. Напрыклад, эпідэмія «гішпанкі» пасля першай сусветнай забрала мільёны жыццяў. А калі ўзяць наш час, можна назваць пандэміяй ідэалогію. Таксама такі вірус. Калі ўжо ў палітыку залазіць», – дадае пісьменнік.

«Калі няма ў звычайным жыцці такой «жэсці», душа звяртаецца да прыдуманай»

Прэзентацыя кнігі “1813” у Горадні. Городня Васіль Малчанаў/ Белсат

Мы жывем у даволі мірны час і ў звычайнага чалавека трапіць у такую жудасную сітуацыю проста мізэрныя шанцы. Калі параўноўваць, напрыклад, з сярэднявеччам: ідзеш у лес, там цябе маглі забіць ці дзікія звяры, ці бандзюгі, якія паміж гарадамі хадзілі. Карацей, такой рызыкі для жыцця ў ранейшыя часы было болей. А ў наш час, не гледзячы на тое, што па тэлеку паказваюць: там забілі кагосьці, там забілі, забілі, забілі, статыстыка кажа, што колькасць такіх жудасных момантаў у жыцці звычайнага чалавека памяншаецца. Таму, калі няма ў звычайным жыцці такой «жэсці», душа звяртаецца да прыдуманай. Такая прыродная патрэба. Я, канешне, такі сабе аналізатар, не самы выбітны.

«Не трэба пэцкаць Агінскага замбямі

Зомбі-хорар “1813”. Горадня Васіль Малчанаў/ Белсат

Большасць водгукаў, кажуць, што тэма добрая, жывое развіццё сюжэту. Быў, праўда, адзін выпадак з вобласці «не чытала, але асуджаю». Супрацоўніца музею Агінскага ў Залессі, калі толькі даведалася пра збор сродкаў на выданне кнігі, «ооочэнь вазмуцілась» і нават напісала пра гэта артыкул у газеце «Культура». У нас ёсць такая газета, аказваецца. І я даведаўся, што «не трэба чапаць светлую памяць нашага выбітнага продка і дзеяча, нейкімі там пэцкаць яго замбямі. Ён не мог такога рабіць, ён ваабшчэ святы чалавек».

Я спакойна адрэагаваў, таму што на маю думку, вось такіх бронзавых фігур не павінна быць. Яны павінны жыць. Як тады жылі, так і цяпер жыць у гісторыі, у літаратуры. Рабіць куміра не варта. Тым больш асоба Міхала Клеафаса Агінскага далёка не звычайная. Большасць яго ведае як кампазітара. Але ён вельмі авантурны чалавек. І як лічаць некаторыя, па загаду Аляксандра І, ён перад вайной 1812-га года, ездзіў па Еўропе і збіраў звесткі, ледзь не шпіёнам быў. І тое, што я пра яго зомбі-хорар прыдумаў, гэта яшчэ вяршыня айсберга, якую ў літаратуры пра яго можна напісаць. Там і дэтэктывы, і шпіёнскія раманы, «Агінскі – агент 007» – такое можна распісаць, пры чым базуючыся на рэальных гістарычных фактах.

Цяпер я працую над працягам менавіта гісторыі Агінскага і і зомбі. Але ў прынцыпе ў мяне ёсць яшчэ некалькі задумак. І хочацца якраз закрануць міжваенныя часы, бо зараз шмат па іх капаю. Я вырашыў пакуль пазбавіцца гэтай практыкі браць гістарычных асоб. Гэта будзе толькі з Агінскім, а ў наступных ужо хочацца нешта такое прыдуманае, але на гістарычнай аснове.

Жанравая літаратура акурат можа падняць цікавасць да беларускай літаратуры. Бо як бы і расейскай шмат. Але ў беларускамоўнай, на прыкладзе маёй кнігі, ёсць спалучэнне масавага жанру і беларускай рэчаіснасці. Дзеянне адбываецца ў Беларусі і гэта павінна прыцягваць. Гэта ж сваё. У расейскіх фантастыкаў, дзеянні ў Маскве адбываюцца. А тут сёння чытаеш пра зомбі ў Маладзечне, а заўтра сеў на цягнік прыехаў, а там нікога няма.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары