Адсутнасць Лукашэнкі на парадзе ў Маскве: абавязкі галоўнакамандуючага – гэта хітрая выдумка


Расейцы ламаюць галаву над тым, чаму Аляксандр Лукашэнка не хоча ехаць на парад у Маскву. Яго дэманстратыўную адсутнасць расейскія ўлады ўспрымаюць як балючы ўдар.

«Я думаю, Аляксандр Лукашэнка добра разумее, якія спекуляцыі разгарнуліся вакол прысутнасці або адсутнасці таго ці іншага лідара на парадзе ў Маскве, і тое, што ён вырашыў учыніць гэтак, ніяк не будзе спрыяць умацаванню адносінаў паміж кіраўніцтвам Расеі і Беларусі, – скаментаваў дырэктар інстытуту краінаў СНД Канстанцін Затулін. – Так, Беларусь – таксама ўдзельніца Перамогі, і страціла шмат людзей. Але вось, напрыклад, прэзідэнт Арменіі прыедзе на парад у Маскву, хоць Арменія страціла ў вайне 12% армянаў. Зыходзячы з гэтага, я лічу, што Аляксандр Лукашэнка зрабіў не самы прыстойны ўчынак».

Але ўжо намеснік Затуліна Уладзімір Жарыхін, якога таксама цытуе сайт gazeta.ru, апраўдвае лідара Беларусі:

«У яго ў Менску 9 траўня сапраўды будзе парад, і ён як галоўнакамандуючы сапраўды мусіць яго прымаць. У адрозненні ад еўрапейскіх дзяржаў і Украіны, дзе святкаванне Перамогі адбудзецца 8 траўня, у Беларусі, як і ў нас, яно пройдзе 9-га. Таму, мне здаецца, не мае сэнсу прадяўляць Лукашэнку прэтэнзіі ў палітычным плане».

Гэта, аднак, голас меншасці. Калі Лукашэнку не ўдасца выкруціцца з сітуацыі, то расейскі бок будзе ставіцца да кіраўніка Беларусі інакш, чым звычайна, нагадвае расейскае тэлебачанне «LifeNews».

Уласнае святкаванне Дня Перамогі ў Менску – гэта хітрая выдумка, каб не стаяць на трыбуне разам з Уладзімірам Пуціным. Такім чынам Лукашэнка дэманструе Захаду гатовасць да супрацы, але не псуе незваротна стасункаў з Расеяй. Аднак без наступстваў для галавы Беларусі не абыдзецца, – «LifeNews» прыводзіць меркаванне Багдана Бязпалькі, дырэктара Цэнтру ўкраіністыкі і беларусістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту.

«Адрэагуюць (улады Расеі – рэд.) тым, што будуць мацней прыслухоўвацца да таго, што кажа Лукашэнка. Раней шмат якія з яго прамоў не знаходзілі годнай рэакцыі ні ў расейскіх медыях, ні ў галовах расейскіх палітыкаў. Наагул, з 2015 года стане вельмі ясна, хто з’яўляецца саюзнікам, хто спадарожнікам, хто – гандлёвым партнёрам, а хто – адкрытым ворагам», – лічыць Багдан Бязпалька.

Як, на ягоную думку, Лукашэнка мог бы выкараскацца з гэтай сітуацыі? Паехаць у Маскву, а для прыняцця параду ў Менску прызначыць чалавека, якому «не сорамна было б даверыць» такі гонар. Урэшце Сталін таксама быў галоўнакамандуючым, а парад у 1945 годзе на Краснай плошчы прымаў маршал Жукаў.

Калі ў 2005 годзе ў Расеі святкавалі 60-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, то Лукашэнка паспеў пабываць на парадзе ў Маскве, а таксама прыняць свой у Менску, нагадвае «LifeNews», а Фёдар Лук’янаў, галоўны рэдактар ​​часопісу «Россия в глобальной политике» лічыць, што цяпер беларускі галоўнакамандуючы мусіць зрабіць таксама.

«Можна ж пастарацца арганізаваць аналагічнае мерапрыемства ў сябе такім чынам, каб паспець і туды, і сюды. Але, мабыць, ён вырашыў, што можна не старацца. Думаю, тым самым Лукашэнка імкнецца падкрэсліць сваю самастойнасць, хоць, калі гаворка ідзе пра практычныя рэчы, дэманструе лаяльнасць».

Яшчэ ў нядзелю прэс-сакратар Крамлю Дзмітрый Пяскоў казаў журналістам, што «яму нічога невядома» пра тое, што Лукашэнка не збіраецца на парад у Маскву. Месяц таму кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў сцвярджаў, што ў галоўных урачыстасцях Дня Перамогі будуць удзельнічаць 26 кіраўнікоў дзяржаў. Свой удзел мусілі пацвердзіць сярод іншых кіраўнікі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі ды Індыі, старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі і старшыня Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын.

Адсутнасць стратэгічнага саюзніка ўспрымаецца ў Крамлі як вялікая крыўда, тым больш, што ў Маскву не прыедуць кіраўнікі ніводнай з еўрапейскіх дзяржаў, якія ўваходзілі некалі ў склад СССР. Запрашэннем не скарысталіся прэзідэнты і прэм’еры Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Не будзе і прадстаўніка Грузіі. Не прыляцяць і саюзнікі часоў вайны – ні прэзідэнт ЗША, ні прэм’ер Вялікай Брытаніі. Пра сваю адсутнасць папярэдзілі і лідары Ізраілю, Польшчы, Славакіі, Славеніі, Балгарыі ды Японіі.

Дзень Перамогі ў Менску, 9 траўня 2014 года (Архіўнае відэа праграмы «Аб’ектыў»)

Чытай таксама >>>Лукашэнкі не будзе на парадзе Перамогі 9 траўня ў Маскве

cez, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары