Адна з самых вядомых філосафаў ХХ стагоддзя Юлія Крысцева працавала на КДБ Балгарыі


Балгарская камісія, якая займаецца раскрыццём дадзеных аб працы грамадзянаў на спецслужбы ў часы камуністычнага рэжыму, паведаміла аб супрацы філосафа Юліі Крысцевай з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Аддзел, з якім была звязаная мыслярка, адказваў за працу з інтэлігенцыяй, СМІ, пісьменнікамі і мастакамі.

Камісія апублікавала дадзеныя, паводле якіх Крысцева пачала супрацоўнічаць з КДБ у 1971 годзе – на той момант яна ўжо эмігравала ў Францыю. У дакументах спецслужбы яна згадваецца пад псеўданімам Сабіна. Як доўга Крысцева супрацоўнічала з балгарскім КДБ не ўдакладняецца, падрабязнасці яе сувязяў са спецслужбамі таксама не раскрываюцца. Сама філосаф пакуль не каментуе гэтую інфармацыю.

Reuters нагадвае, што ў часы свайго росквіту ў балгарскай спецслужбы, якая цесна супрацоўнічала з савецкімі органамі бяспекі, была сетка з 100 тысяч агентаў і інфарматараў.

Юлія Крысцева – сусветна вядомая даследчыца літаратуры і мовы, псіхааналітык, пісьменніца, семіётык, філосаф. Вучаніца Ралана Барта, тлумачальніца ідэяў Міхаіла Бахціна. Нарадзілася ў 1941 годзе ў Балгарыі, з 1960-х гадоў – жыве ў Францыі, мае французскае грамадзянства.

Часопіс Foreign Policy назваў Крысцеву адным з 100 найвялікшых мысляроў XX стагоддзя. Крысцева – ганаровы прафесар універсітэту Парыжа імя Дэні Дзідро і запрошаны прафесар Калумбійскага ўніверсітэту ў Нью-Ёрку. Яе працы вывучаюць у ВНУ, у тым ліку беларускіх.

ІІ, belsat.eu, паводле Reuters

Стужка навінаў