Адкаты, «крышаванне» і кантрабанда. Топ карупцыйных скандалаў у сілавых органах Беларусі

Wideo

Характэрнай рысаю новай антыкарупцыйнай чысткі, якую распачаў у 2018 годзе Аляксандра Лукашэнка, з’яўляецца тое, што арышты фактычна абмяжоўваюцца цывільнымі чыноўнікамі. Belsat.eu вырашыў узгадаць найбольш рэзанансныя выпадкі, калі ў Беларусі за хабары і махлярства саджалі высокапастаўленых сілавікоў.

З пачатку 2018 года за карупцыю затрымалі больш за 30 чыноўнікаў сферы аховы здароўя («справа медычных функцыянераў»), 12 чыноўнікаў у Міністэрстве лясной гаспадаркі («лясная справа»), 14 – у Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету («справа браканьераў»). Былі праведзены шматлікія арышты ў мясцовых органах улады, у спартовай і аграпрамысловай галінах, і нават у асяродку самога Лукашэнкі (памочнік прэзідэнта Сяргей Раўнейка пагарэў на хабары ў 200 000 долараў).

Цяперашняя чыстка – далёка не першая за час кіравання Лукашэнкі. Аднак упершыню арышты фактычна не закранулі сілавыя і праваахоўныя органы. Між тым за апошнія 10 гадоў ахвярамі чыстак неаднойчы станавіліся генералы і палкоўнікі, пракуроры і намеснікі міністраў.

Справа генерала Азаронка

Ігар Азаронак

Камандуючы ВПС і войскамі СПА, генерал-маёр Ігар Азаронак быў затрыманы 20 снежня 2010 года за «лабіяванне інтарэсаў расейскага прадпрыемства». Праз амаль год Вярхоўны Суд прызнае генерала вінаватым у хабарніцтве і прысудзіць яму 9 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Былы аднакласнік Азаронка, жыхар Чэлябінску Андрэй Машкаўцан прапанаваў свайму сябру-генералу пралабіяваць інтарэсы расейскага прадпрыемства пры правядзенні дзяржзакупак абсталявання на патрэбы ВПС і СПА Беларусі. Сума адкату складала 10% – ці 45 тысяч USD, якія павінны былі быць падзеленыя паміж Азаронкам і Машкаўцанам у суадносінах 80 на 20% адпаведна. Затрымалі двух сяброў аператыўнікі ГУБЭЗ падчас абнаяўлівання адкату ў Менску.

Што за прадпрыемства спрабавала падкупіць беларускага генерала і якое абсталяванне яно пастаўляла – засталося таямніцай. Суд праходзіў за зачыненымі дзвярыма. На працэсе Азаронак сваю віну не прызнаў, а суддзяў назваў «марыянеткамі».

Справа пракурора Снегіра

Міхаіл Снягір

У лістападзе 2008 года Аляксандр Лукашэнка публічна абвінаваціў у карупцыі пракурора Менскай вобласці Міхаіла Снегіра. Ён заявіў, што пракурор з дапамогаю махінацыяў па моцна заніжанай цане набыў 5-пакаёвую кватэру ў цэнтры Менску, рынкавы кошт якой – $ 500 000. Акрамя таго, Лукашэнка абвінаваціў Снегіра ў тым, што на тэрыторыі Цнянскага вадасховішча той будуе катэдж не менш, чым за $ 1 млн.

«Там не менш, чым паўмільёна долараў, і тут трэба будзе пасля заканчэння 2 мільёны долараў. Грошы адкуль? Вы што, ім выдаеце з касы пракуратуры?» – спытаў Лукашэнка на нарадзе тагачаснага генпракурора Рыгора Васілевіча.

Снягір быў арыштаваны КДБ, а 7 траўня 2010 года Вярхоўны суд прызнаў пракурора вінаватым у хабарніцтве, злоўжыванні ўладай і перавышэнні паўнамоцтваў, а таксама незаконным захоўванні боепрыпасаў. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці. Але ў лютым 2013 года Снегіру змянілі меру пакарання на больш мяккую – «хатняя хімія».

Пракурор, каньяк і залаты злітак

Аляксандр Архіпаў

З выступу Аляксандра Лукашэнкі сталі вядомыя падрабязнасці і яшчэ аднаго карупцыйнага скандалу ў пракуратуры. Выступаючы 22 красавіка 2014 года ў парламенце, Лукашэнка расказаў, што намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Архіпаў «адмазаў за залаты злітак і бутэльку каньяку» сына бізнесоўца, па віне якога ў ДТЗ загінула дзяўчына. Улетку 2014 года Архіпава асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі за хабарніцтва і перавышэнне ўлады. Працэс традыцыйна быў закрыты.

Праўда, пракурор не прасядзеў у калоніі і паловы свайго тэрміну – у студзені 2016 года быў вызвалены і прызначаны дырэктарам стратнага калгасу ў Смалявіцкім раёне.

Справа Грамовіча

«Справа Грамовіча» – адна з самых рэзанансных і самых таямнічых справаў апошніх дзесяці гадоў у Беларусі. На лаве падсудных аказалася больш за тры дзясяткі чалавек. Сярод іх – кіраўніцтва мытні «Заходні Буг», намеснік начальніка ўпраўлення і начальнік аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю УКДБ па Берасцейскай вобласці, а таксама Анатоль Грамовіч – дырэктар Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК (таксама былы працаўнік КДБ). Гаворка ішла аб маштабнай кантрабандзе і яе «крышаванні» з боку сілавікоў.

Арышты па справе пачаліся яшчэ ў 2008, колькасць фігурантаў расла, але ў судзе справа развалілася. У канцы 2011 года практычна ўсе падсудныя, у тым ліку сам Грамовіч, былі цалкам апраўданыя. Для следчага Генеральнай пракуратуры Святланы Байковай, якая расследавала карупцыю на мытні «Заходні Буг», усё скончылася больш сумна. Яшчэ калі «справа Грамовіча» была ў самым разгары, яе арыштаваў КДБ – крымінальную справу супраць Байковай распачаў асабіста тагачасны кіраўнік дзяржбяспекі Вадзім Зайцаў. У выніку Святлана Байкова паўгода правяла ў СІЗА КДБ, была прызнаная судом вінаватай у злачынствах супраць правасуддзя і асуджаная на 2 гады «хатняй хіміі».

Святлана Байкова

Шмат хто з назіральнікаў ацанілі тады пераслед Байковай як дэманстратыўную помсту КДБ за «справу Грамовіча», якую ў выніку атрымалася разваліць.

Паляўнічая справа

На думку шэрагу журналістаў і палітолагаў, у 2007-2009 гг. у Беларусі была развязаная «вайна» паміж КДБ і МУС. Абодва ведамствы актыўна збіралі кампрамат адзін на аднаго і ініцыявалі крымінальныя справы. Менавіта ў гэтым кантэксце звычайна ўспрымаюць так званую «паляўнічую справу», фігурантамі якой сталі высокапастаўленыя афіцэры МУС.

Начальнік аддзелу па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Жлобінскага РАУС Леанід Мінянкоў быў абвінавачаны ў тым, што арганізоўваў незаконнае паляванне і рыбную лоўлю, у якой прымалі ўдзел кіроўныя кадры МУС ды чыноўнікі. Справу аб незаконным паляванні аб’ядналі са справаю аб перавышэнні афіцэрамі МУС службовых паўнамоцтваў – менавіта гэтак быў расцэнены збор кампрамату на працаўнікоў КДБ. Чэкісты ж у выніку арыштавалі па гэтай справе афіцэраў Гомельскай міліцыі – Дзмітрыя Баранава, Аляксандра Малаева, Леаніда Мінянкова, а таксама начальніка галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Віктара Ермакова. Паводле чутак, менавіта гэтыя арышты сталі прычынаю адстаўкі тагачаснага кіраўніка МУС Уладзіміра Навумава.

У лютым 2010 года трое афіцэраў МУС атрымалі ад 3 да 4 гадоў пазбаўлення волі. Апраўданы быў толькі Аляксандр Малаеў – ён напярэдадні арышту запісаў і выклаў у інтэрнэт адкрыты зварот, у якім прасіў Лукашэнка спыніць «бязмежжа» КДБ і паведамляў пра факты перавышэння чэкістамі сваіх паўнамоцтваў.

Малавядомыя ахвяры часоў вайны КДБ і МУС

У гады супрацьстаяння КДБ і МУС у турму селі і іншыя высокапастаўленыя чыны міліцыі, імёны якіх сёння наўрад ці хтосьці памятае. У 2009-м на 12 гадоў пасадзілі першага намесніка начальніка ўпраўлення па барацьбе са злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогіяў МУС Сяргея Новіка (паводле следства, ён праводзіў маштабныя афёры з банкаўскімі карткамі), у 2010-м – больш за 5 гадоў атрымаў начальнік Галоўнага ўпраўлення аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС Іван Шышла і тры гады яго падначаленая Алена Паўлава (за што канкрэтна – невядома).

Панесла страты і КДБ. У жніўні 2008 года вайсковая калегія Вярхоўнага суда пакарала двух палкоўнікаў КДБ – начальніка ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Міхаіла Міхалапа і начальніка ўпраўлення кадравай і ідэалагічнай работы Аляксандра Мяцеліцу. Сілавікоў абвінавацілі ў тым, што яны вымагалі грошы ў прадпрымальніцы Ганны Доўгай і пры гэтым падманвалі яе. Міхалапа асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, а Мяцеліцу – да 6 гадоў з канфіскацыяй.

Рэальных доказаў таму, што ўсе гэтыя справы (як і справа Грамовіча, Байковай ды «паляўнічая справа») абумоўлены менавіта міжведамаснай барацьбой, няма. Аднак можна з упэўненасцю сцвярджаць: на 2008-2010 год прыходзіцца пік рэзанансных арыштаў сярод афіцэраў КДБ і МУС. І калі высокапастаўленых міліцыянтаў пасля 2010 года яшчэ судзілі, то чэкісты з тых часоў выступаюць выключна як выкрывальнікі карупцыі, а не фігуранты карупцыйных справаў.

Справа збеглага і памілаванага генерала

Генадзь Хацько

Былому начальніку Гарадзенскай міліцыі Генадзю Хацько ў тыя ж 2009-2010 года пашанцавала значна больш за астатніх. Пракуратура распачала ў дачыненні да генерала крымінальную справу па артыкуле «злоўжыванне ўладай». Хацько падазравалі ў тым, што ён, выкарыстоўваючы рэсурсы абласнога УУС, пабудаваў сабе катэдж коштам прыкладна ў $ 200 тыс.

У самы разгар следства Генадзь Хацько на паўгода знік з краіны – нібыта з’ехаў у Санкт-Пецярбург. Аднак у лістападзе 2010 года Хацько ў краіну вярнуўся, пагадзіўся пакрыць дзяржаве матэрыяльныя страты і напісаў прашэнне аб памілаванні. У выніку Хацько быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці і захаваў генеральскую пенсію.

А вось намеснік Хацько па гаспадарчай частцы, падпалкоўнік Сяргей Руднік апынуўся на лаве падсудных, судовы працэс цягнуўся амаль паўгода. У 2011 годзе Рудніка ўсё ж апраўдалі. Але выглядала гэта ў любым выпадку парадаксальна: падпалкоўніка, які выконваў указанні генерала ў пытанні незаконнага будаўніцтва катэджа, судзілі ў той час, калі самога Хацько ўжо даўно памілавалі.

Справа Полудня

Яўген Полудзень

Намеснік міністра ўнутраных спраў, палкоўнік Яўген Полудзень 25 сакавіка 2013 года быў асуджаны да 3,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці. Да гэтага моманту ён ужо больш за 14 месяцаў знаходзіўся пад вартаю. Намеснік міністра абвінавачваўся ў атрыманні хабару (у выглядзе 100 літраў паліва, торту і бутэлькі каньяку), злоўжыванні ўладай і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Абвінавачанне ў хабары суд у выніку зняў, а па другім і трэцім пункце абвінавачвання прызнаў намесніка міністра вінаватым.

З 2009 года Яўген Полудзень узначальваў міліцыю грамадскай бяспекі – то бок быў адказны за разгоны мітынгаў і дэманстрацыяў, у тым ліку маўклівых акцый 2011 года. Аднак пакараны ён быў відавочна не за гэта. У чым канкрэтна заключалася перавышэнне паўнамоцтваў, так і засталося невядомым – суд над Полуднем праходзіў у закрытым рэжыме. У пачатку красавіка 2015 года стала вядома, што былы палкоўнік выйшаў на свабоду датэрмінова.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары