Адбыўся візіт Доналда Трампа ў Польшчу


Для свайго першага публічнага выступу на Еўрапейскім кантыненце Доналд Трамп абраў менавіта Варшаву. Шматтысячны натоўп сустрэў прэзідэнта ЗША гарачымі авацыямі, польскімі ды амерыканскімі сцягамі. І хоць гэта быў кароткі візіт, амерыканскі лідар прабыў у Польшчы ўсяго 18 гадзінаў, не варта недаацэньваць важнасці гэтага жэсту для ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёну.

Сустрэча прэзідэнтаў

Дзень для польскага і амерыканскага прэзідэнтаў пачаўся з асабістай сустрэчы на палову дзясятай раніцы, у Каралеўскім замку, куды медыі не пусцілі. Пасля размовы лідары дзвюх краінаў далі прэс-канферэнцыю.

«Наш моцны саюз з Польшчай і НАТО па-ранейшаму мае вырашальнае значэнне для стрымлівання канфліктаў і забеспячэння таго, каб вайна паміж вялікімі дзяржавамі больш ніколі не разбурала Еўропу і каб свет стаў больш бяспечным месцам. Амерыка прыхільная да падтрымання міру і бяспекі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе», – падкрэсліў Трамп.

«Я вельмі задаволены вынікамі перамоваў, бо я адчуваю, што Злучаныя Штаты і прэзідэнт Доналд Трамп вельмі сурʼёзна ставяцца да польскай бяспекі», – дадаў Анджэй Дуда, прэзідэнт Польшчы.

Пра што размаўлялі?

Вядома, што амерыканскі і польскі лідары дамовіліся пра імпарт у Польшчу найноўшых супрацьпаветраных ракетных сістэмаў «Patriot», пра ўдзел у супольным распрацоўванні найноўшых узораў узбраенняў, і, магчыма, дамовіліся ў самым адчувальным для Варшавы пытанні – энергетычнай бяспецы.

Апошняя тэма была асабліва актуальная, бо гэтымі днямі ў польскай сталіцы праходзіць саміт «Трохморʼя» – 12-ці дзяржаваў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, ад Аўстрыі да Эстоніі, для якіх тэма залежнасці ад расейскіх энергетычных паставак таксама прыярытэтная.

ЗША гатовыя экспартаваць у Польшчу звадкаваны газ, а польскі прэзідэнт пацвердзіў сёння, што яго краіна гатовая і хоча яго набываць. Такія пастаўкі будуць каштаваць Варшаве даражэй за расейскі газ, але затое дадуць палякам дадатковых козыраў на перамовах аб кошце на блакітнае паліва ў 2022-ім годзе, калі краіна будзе падпісваць з »Газпромам« новы кантракт.

Доналд любіць палякаў, палякі любяць Доналда

Пасля сустрэчы з лідарамі Трохморʼя пачалася найбольш эфектная частка візіту Доналда Трампа ў Польшчу. Публічны выступ палітыка анансаваўся загадзя і сабраў вялікую колькасць людзей. Апошняя прамова амерыканскага прэзідэнта ў Варшаве гучала ў 2014-ым годзе. Ад Трампа палякі чакалі зусім іншых абяцанняў, чым ад Абамы.

Доналд Трамп не расчараваў тых, хто сабраўся. Ён шмат гаварыў аб гераічнай польскай гісторыі, барацьбе краіны з агрэсарамі і ўмела праводзіў гістарычныя паралелі.

Адразу пасля палымянай прамовы палітык паляцеў на сустрэчу Вялікай дваццаткі ў Гамбург, дзе яго чакае першая ў ягонай прэзідэнцкай карʼеры сустрэча з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Ясна, што пасля варшаўскіх заяваў палітыка, лідарам дзвюх дзяржаваў будзе што абмеркаваць.

Ігар Кулей, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары