Ад веганскіх тартоў да вінтажных сукенак – што прадавалі на «Open шафе» ў Менску?

photo

Напярэдадні Дня святога Валянціна ў прасторы ЦЭХ у Менску адбыўся 9-ты сімвалічны распродаж «Open шафа», які арганізатары назвалі «культурным рызманішчам».

Пад музыку з вінілавых кружэлак прысутныя маглі не толькі паспрабаваць веганскія тарты і бананавыя пірагі, але і набыць нешта цікавае ды незвычайнае ў падарунак сваёй другой палавінцы ці сабе самому.

Гэтак вінтажныя сукенкі ды аксесуары па смешных коштах расхоплівалі як гарачыя піражкі. Саджанцы кветак, 3D-валянцінка ў форме абʼёмнага сэрца, яркія паштоўкі, цацкі ручной працы маглі стаць выдатнай падставай для радасці дарослага або дзіцяці.

На «Open шафе» можна было паглядзець на карціны мастака Яўгена Шадко і ацаніць выставу праекту «Прафота».

Не забыліся тут і пра тых, хто больш за ўсіх мае патрэбу ў любові – аб дзецях з дзіцячага дому. 90 % грошаў, сабраных з продажу адзення «Калі ласка», пойдуць на патрэбы інтэрнату.

Дабрачынны рух «Гэта нашыя дзеці» прадставіў вязаныя аксесуары ручной работы, мілыя ўпрыгожанні і ювелірныя вырабы, а таксама адзенне, якое перадалі з розных пунктаў зямлі для продажу. Атрыманыя сродкі пойдуць на куплю неабходных прадметаў для Дзіцячага сацыяльнага прытулку ў Вялейскім раёне.

Арганізатарка мерапрыемства «Open шафа» Ганна Марынкіна, патлумачыла, што ідэя арганізаваць падобны распродаж узнікла пасля наведвання аналагічнай імпрэзы ў Санкт-Пецярбургу каля пяці гадоў таму.

«Open шафа» – гэта не маркет. Гэта сустрэча сяброў і знаёмых, гэта эмоцыі і радасць, музыка і тусоўка», – адзначыла Ганна.

Яна дадала, што мэтавая аўдыторыя імпрэзы не мае абмежаванняў, на «Open шафе» рады ўсім, каму тут увогуле падабаецца.

Узяць удзел у мерапрыемстве можа кожны: і тыя, хто стварыў свой сапраўдны брэнд, і любы ахвотны распрадаць змесціва сваёй шафы.

Наступная «Open шафа» адбудзецца ўжо ў першых днях сакавіка. Верагодна, тэмай наступнай імпрэзы стане надыход вясны.

Тэкст і фота ВС, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары