Ад «чорных спісаў» да самацэнзуры музыкаў. Як у Беларусі працуюць забароны на канцэрты


Колькі месяцаў мінула, як у Менску, на пляцоўцы Прайм-холу ярка прагучала прэм’ера «Народнага Альбому». Адліга ці ўяўнасць? Зняццё забароны ці часовы дазвол? Чаму Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч з Уладзімірам Някляевым пераносяць свае вялікія канцэрты ў Вільню? Выступы Brutto і «Дзецюкоў» нечакана дазваляюць на тэрыторыі Беларусі. «Зверху» вырашылі прыглядзецца і крыху адпусціць цуглі, каб нацягнуць іх наноў у патрэбны момант?

На канцэрт гурта «Крамы» Ігара Варашкевіча ў Магілёве прадалі толькі 23 квіткі. І тут падумалася, мо і ёсць свая праўда ў тым, што часам забароненасць творцы акурат і ёсць тым самым бескаштоўным піярам, які між астатняга і прыводзіць людзей на яго выступы? Як бонусная рэклама. А вось хто без забароны – таму цяжэй, самому сябе раскручваць. Гэтую тэзу ўскосна пацвярджае і ўдзельнік «Народнага альбому», шоумэн Аляксандр Памідораў: «Сістэма арганізацыі канцэртаў у нас пабудавана так, што сітуацыю з забаронай можна выкарыстоўваць і ў якасці рэкламы, як артыстам, так і іх менеджарам». Магчыма, і рэклама, адно што – неадназначная.

Чорныя спісы – яны рэальна існуюць, ці ўсё ж спрацоўвае перастрахоўка на месцах, так званая, мясцовая самацэнзура?

Rкалі перад нібыта дазволенымі канцэртамі раптоўна паведамляецца пра «уцечку эціленглюколя» у Палацы спорту, «аварыйную» сітуацыю ў КЗ «Менск», «праблемы з каналізацыяй» у клубе «Саюз-онлайн», калі ўспомніць хаця б выступы, запланаваныя з удзелам Лявона Вольскага. Паслухаем саміх творцаў. Ці ёсць тут еднасць і салідарнасць пазіцый на гэты конт?

І. Ці існуюць «чорныя спісы»?

«Ёсць усё ў поўным абʼёме. І спісы, якія перыядычна рэдагуюцца, і перастрахоўкі на месцах. У 2004-2008гг. пры падачы арганізатарамі заяўкі на правядзенне канцэрту, кіраўнік гастрольнага аддзелу дэманстраваў спіс забароненых гуртоў. На кожнай FM-станцыі існуе «чорны спіс», таму вы не пачуеце спеваў «Крамбамбулі», або ў самым рэдкім выпадку пачуеце, але не прагучыць назвы гурта. Пэўны час у нашай краіне было вельмі ліберальнае канцэртавае заканадаўства, прыкладна да 2011 году. Афіцыйна канцэрт забараніць было немагчыма, таму пачалася практыка «таямнічых» тэлефанаванняў туды, дзе праводзіліся канцэрты. Паводле некаторых крыніцаў тэлефанавалі наўпрост з адміністрацыі прэзідэнта» – кажа Лявон Вольскі. Ягоны найбліжэйшы вялікі канцэрт запланаваны на 8 траўня ў Вільні, дзе рок-выканаўца прадставіць праграму «172», у межах якой прагучаць лепшыя песні за ўсю кар’еру музыкі.

Сяргей Будкін

Прадусар і рэдактар парталу «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін удакладняе: «Усё ўказвае на тое, што гэтую тэму кантралюе не ідэалагічны аддзел, і не мінкульт, а Адміністрацыя прэзідэнта, але доказаў фактычных гэтаму няма, ніхто не хоча браць на сябе адказнасць. За ўвесь час канкрэтна я атрымаў адмову надоечы толькі па «Дзецюках». Дагэтуль дазволы давалі, але ціснулі на адміністрацыю клубаў. Гісторыя з канцэртам Вайцюшкевіча ў клубе «Піраты» (кіраўніцтва пляцоўкі адмовілася выконваць узятыя на сябе абавязкі па правядзенні канцэрта Вайцюшкевіча) паказальная».

Прадусар упэўнены, што «Народны альбом» «Прайм-хол» паўторна праводзіць не будзе, бо ўладальнікі пляцоўкі папросту шчыра не ведалі, што менавіта дазвалялі. Ён лічыць, што па-ранейшаму забароненымі застаюцца як мінімум Вінсэнт, «Дзецюкі», Вольскі і Вайцюшкевіч.

Дазволы на выступы з іх удзелам, калі і даюцца, то толькі на пабы – на 100-150 чалавек максімум, але размова не ідзе пра напраўду вялікія пляцоўкі.

Але ёсць і адрознае меркаванне, што спісы ўсё ж існавалі фізічна, але зусім не тыя, што трапілі некалі ў сеціва. Аляксандр Памідораў сцвярджае: «Ведаю, што фізічна спісы існавалі. Спярша ў выглядзе напісаных ад рукі цыдулак, паводле атрыманых па тэлефоне ўказанняў на радыё і тэлебачанні. Размова пра сітуацыю 2004 года. Пазней з’явіўся спіс, растыражаваны ў сеціве, дык ён – з’яўляецца фальшыўкай, але зробленай паводле рэальнага «спісу для службовага карыстання».

Але меркаванні тут разыходзяцца. Уладзімір Някляеў: «Такога дакументу з пячаткай і вышэйшым подпісам, зразумела, няма. Але ёсць розныя паперкі з імёнамі. Ёсць імёны без паперак, якія перадаюцца як бы ветрам, па якім нос трымае чынавенства. Вось нядаўна было сказана зверху няўхвальна пра Ярмоленку, і нават у гэтага набліжанага да ўлады артыста могуць цяпер узнікнуць праблемы. Ну калі не ў чорным спісе ён будзе пазначаны, дык недзе на ветры…»

ІІ. Як даўно беларускія творцы сутыкаюцца са «спісам» і сумнеўнымі адмовамі ў выступах?

 

Найчасцей адмены адбываюцца так, што прозвішча і пасаду тых, хто «сапсаваў» канцэрт вызначыць было амаль немагчыма. «Звычайна – ніколі не сутыкаешся з гэткім наўпрост. Адмаўляюць «прэвентыўна». Да таго ж «гастролькі» ніхто не адмяняў. Гэта часовая неабходнасць, каб паменшыць «ціск пару» – стан у грамадстве накручаны на ўзровень выбуху» – гаворыць Алег Хаменка, фронтмэн гурта «Палац».

Уладзімір Някляеў акрэслівае час забароны – як прамежак ажно ў некалькі дзясяткаў гадоў: «Ужо гадоў каля 20-ці я толькі з гэтым у сваёй практыцы выступаў і сутыкаюся». А музыка Аляксандр Памідораў выказваецца крыху больш аптымістычна: «Падобных выпадкаў становіцца менш, але яны ёсць. Пакуль што выглядае, нібы ўсё ўваходзіць у нармальную каляіну. Але гэта не так. Па вялікім рахунку, за 20 год амаль нічога не памянялася. Нагадаю, што яшчэ з сярэдзіны 90-х фактычна былі забароненыя для трансляцыяў гурты «Уліс» і «Новае Неба».

Уладзімір Някляеў: «Уцямных, абгрунтаваных адмоў не здаралася. Нават пра адмову ў актавай зале Дому літаратара, дзе я паспрабаваў правесці юбілейную вечарыну, прамармыталі нешта няўцямнае»

ІІІ. Ці змяняецца сітуацыя да лепшага?

Лявон Вольскі перакананы, што глабальна нічога не змяняецца і што ад гэтай практыкі не збіраюцца адмаўляцца. Спіс непажаданых выканаўцаў ёсць, іх толькі перыядычна то скарачаюць, то дапаўняюць новымі прозвішчамі. Уладзімір Някляеў паразважаў на гэты конт: «Тое, што некаму ў нейкі момант раптам дазваляюць выступіць, не ёсць змяненнем сітуацыі да лепшага. Да лепшага – гэта калі няма ні толькі забаронаў, але й няма патрэбы ў дазволах. Ёсць нехта, хто можа нешта прачытаць, сыграць, заспяваць, і ёсць нехта, хто гатовы гэта слухаць, і яшчэ нехта – арганізаваць і заплаціць (калі гэта за грошы) падаткі. На тым усё».

IV. Што будзе за ўдзел у неафіцыйных акцыях ды імпрэзах?

Наколькі ўплывае на страту магчымасці камунікацыі з публікай удзел у акцыях падтрымання неафіцыйных святаў або ініцыятываў па абароне гістарычных і нацыянальных каштоўнасцяў? Творцы ў сваёй большасці перакананыя, што ўдзел у такіх імпрэзах немінуча ўплывае на далейшы творчы лёс. Але ці працуе ў такім разу самацэнзура, ці магчымая яна ўвогуле?

«Нават любое інтэрвʼю без самацэнзуры можа на гэта паўплываць. Тут трэба ведаць: або ідзеш на кампраміс – пазбягаеш пэўных тэмаў у размовах з журналістамі, блакуеш некаторыя «непажаданыя» сродкі масавае інфармацыі, не ўдзельнічаеш у такіх акцыях… Таксама трэба абыходзіцца без «Жыве Беларусь» на канцэртах і «правакацыйнай» сімволікі, карацей, паўсюль і ўсюды сачыць за сабой, бо іначай твае некарэктныя паводзіны ўпільнуюць адмысловыя людзі, якія за гэта атрымліваюць зарплату, і ты зноў вернешся ў «чорны спіс» …» – кажа Лявон.

«Любая творчая акцыя ўзгадняецца з мясцовымі органамі, а там не заўсёды працуюць людзі, што гатовыя ўзяць адказнасць, ці наагул, цікавяцца тым, што яны кантралююць. Часам гэтыя асобы могуць ствараць пэўныя праблемы» – упэўнены Аляксандр Памідораў.

Забарона – яна ўсё ж на руку ці на шкоду сучасным нацыянальна скіраваным аўтарам? Бо тыя, хто не гучыць у звязку з забаронаю, часам увогуле можа знікнуць з беларускага далягляду. Вераніка Круглова, салістка гурта Kriwi, што нядаўна сціпла адзначыў сваё 20-годдзе, цяпер жыве ў Нямеччыне, перыядычна наведваючы Беларусь з канцэртамі, узняла тэму ў іншым святле:

«Мы з Kriwi 20 гадоў займаемся прафесійна выключна музыкай, адраджэннем беларускага фальклору. Для нас зусім не зразумела, чаму мы непатрэбныя сваёй краіне? Апынуўшыся паміж небам і зямлёй, мы ўсё робім самі, без усялякага дзяржаўнага падтрымання і тым б болей незалежнага. Вельмі складана арганізаваць хоць якія канцэрты без эфіраў і рэкламы. Гэта горш, чым быць забароненымі. Тое, што адбылося з «Народным альбомам», павінна адбыцца і з іншымі добрымі беларускімі праектамі! Для мяне ўсё гэта проста дзіка».

Мы жывем у час непрамоўленых забаронаў. Ты можаш трапіць з беларускамоўнай песняй нават на Еўрабачанне, як адбылося з гуртом NAVI – і за тое ж самае, на твой творчы лёс могуць навесіць замок. За што забараняюць – за пазіцыю ці за мастацтва: пэўны набор нотаў і словаў можа раздражняць дзяржаву або ўсё ж парушэнне правілаў гульні? Што страшней для нашых творцаў: запрашэнне на выступ у Палацы Рэспублікі ці ўсё ж забарона канцэрта там? Пытанне без адказу.

Валярына Кустава, адмыслова для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары