Уладальнік крамы „Гітлер”: я пра дыктатара не чуў, думаў – мянушка такая...


Ніякай свастыкі ці вайсковых атрыбутаў Райху – у гонар Адольфа Гітлера назвалі звычайную краму з адзеннем.

Не дзіўна, што новы гандлёвы пункт у індыйскай правінцыі Гуджарат (Gujarat) адразу ж набыла скандальную вядомасць, найперш сярод прадстаўнікоў габрэйскай дыяспары. Уладальнік Ракеш Шаг (Rakesh Shah) сваёй віны не прызнае – кажа, што да адкрыцця крамы не ведаў пра супадзенне.

А вось ягоная версія паходжання назвы: аказваецца, Гітлерам празвалі… дзядулю ягонага дзелавога партнёра. Паколькі слова кідкае і лёгка запамінаецца, яго і вырашылі выкарыстаць у назве. Паводле Ракеша Шага, ніякай сімпатыі да дыктатара ён не выказваў, бо пра ягонае існаванне даведаўся толькі ад абураных людзей.

Мясцовы журналіст Хабіб Шэйх (Habib Sheikh) мае сваю версію гісторыі. Ён упэўнены, што бізнесовец выкарыстаў гучнае прозвішча, каб набыць скандальную папулярнасць.

Дарэчы, індыйскія прадпрымальнікі памыляюцца ўжо не ўпершыню. У Мумбаі адчыніўся рэстаран «Крыж Гітлера», які пераназвалі толькі пасля масавых пратэстаў у 2006 г.

belsat.eu

Стужка навінаў