96 гадоў таму нарадзіўся пісьменнік, які ахарактарызаваў ВКЛ як беларускую дзяржаву

video

Сёння – дзень нараджэння папулярызатара беларускай гісторыі Міколы Ермаловіча, чые працы паўплывалі на фармаванне сучасная грамадскай думкі ў Беларусі.

Мікола амаль аслеп у паўгода. «Маці ўзяла яго на поле, дзе жала жыта, а яго маленькага асляпіла сонца, – распавядаў у эфіры «Белсату» пісьменнік Генрых Далідовіч. – Яго маглі ў 1930-ыя пасадзіць у турму за тое, што ён, ідучы са школы, чытаў і выпусціў з рук «Ліст беларускага народу да Сталіна». Ліст упаў, а яго выключылі са школы за тое, што ён насміхаўся з ліста. Але пазней яго аднавілі і ён паспяхова закончыў школу. У час вайны выехаў. Вяртаўся, у Маскве трапіў пад цягнік і ледзь не загінуў, яго выратавала маскоўская жанчына. І вось гэты фізічна амаль сляпы чалавек, які меў –28 дыяптрыяў зроку, быў у душы відушчым».

Мікола Ермаловіч вучыўся у Менскім педінстытуце. Пасля вучобы пасяліўся ў Маладзечне, дзе выкладаў і займаўся выдавецкай дзейнасцю. Друкаваўся ў маладзечанскай раёнцы, часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», у газетах «Звязда» ды «Літаратура і мастацтва», у навуковых зборніках.

У 1963 Ермаловіч распачаў выдаваць рукапісны самвыдавецкі часопіс «Падснежнік».

Ермаловіч лічыцца заснавальнікам беларускай рамантычнай гістарыяграфіі.

У 1968 кнігі напісаў кнігу «Па слядах аднаго міфа», якая доўгі час хадзіла самвыдатам, а афіцыйна была надрукаваная толькі ў 1989 годзе.

У 1970 выйшла кніга «Дарагое беларусам імя», у 1990 – даследаванне «Старажытная Беларусь: Полацкі і Навагародскі перыяды», у 1994 – «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», у 2000 – «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».

«Ён многа чытаў і многа думаў пра аснову ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага на нашай зямлі з цэнтрам у сённяшнім Наваградку. Раней царскія гісторыкі наўмысна паняцце Літвы перанеслі на сённяшнія балтыйскія землі. Лічылася, што мы пайшлі ад Русі. Мікола Ермаловіч у кнізе «Па слядах аднаго міфа» вызначыў месца Літвы і даў характарыстыку таму, ад чаго ўтваралася гэтая новая дзяржава», – кажа Далідовіч.

У 80-х падтрымаў адраджэнскую дзейнасць, прымаў удзел у першым з’ездзе БНФ у Вільні. У 1990 годзе прыняў прапанову кіраўніцтва далучыўся да Нацыянал-дэмакратычнай партыі Беларусі, стаўшы адным з трох сустаршыняў.

Памёр публіцыст 5 сакавіка 2000 года ў Менску.

ДД

Глядзі таксама
Каментары