4 ліпеня ў Менску развітаюцца з Вітушкам


Развітанне з пісьменнікам і грамадскім дзеячам Сяргеем Вітушкам адбудзецца ў менскім грэка-каталіцкім храме ў душпастырскім Цэнтры Святога Язэпа па вул. Арджанікідзэ, 6 (станцыя метро “Аўтазаводская”).

Паніхіда пачнецца а 12.00. Пасля службы нябожчык будзе пахаваны ў роднай вёсцы Рогава, паведамляе сайт грэка-каталіцкай парафіі Святога і праведнага Язэпа (http://svjazep.org).

Апошнія дваццаць гадоў Вітушка жыў і працаваў у Вільні. Сёлета ў лютым ён прыязджаў у Менск на прэзентацыю аўдыёдыска “Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі”, кампазіцыямі якога сталі ягоныя казкі, прачытаныя вядомымі ў Беларусі людзьмі. Пісьменнік быў вельмі хворы: праз дыябет страціў зрок і нагу, а ў чэрвені ў яго здарыўся інфаркт. Памёр Вітушка 2 ліпеня ў віленскім шпіталі ва ўзросце 47 гадоў.

Грамадская дзейнасць Сяргея Вітушкі

У 1980-я гг. Сяргей Вітушка ўзначальваў легендарнае моладзевае аб’яднанне “Талака” – адну з самых уплывовых арганізацыяў беларускай дэмакратычнай супольнасці, якая стала пазней сімвалам моладзевага супраціву таго часу. “Талака” займалася гістарычна-асветнаю дзейнасцю, удзельнічала ў археалагічных раскопках і рэстаўрацыі помнікаў, дамагалася адкрыцця беларускамоўных школаў і класаў.

Сяргей Вітушка ўваходзіў у групу беларускай моладзі, якая ў 1990 г. ініцыявала рэгістрацыю першай абноўленай грэка-каталіцкай парафіі ў Менску. Калі прыязджаў у беларускую сталіцу з Вільні, удзельнічаў у набажэнствах у парафіі Святога Язэпа. “Падчас доўгай і цяжкай хваробы яго ў шпіталі Вільні наведвалі архімандрыт Сяргей і айцец Андрэй Абламейка”, – паведамляе сайт парафіі.

У дакументальным цыкле “Белсату” “Хто ёсць кім” адна з серыяў прысвечаная гэтаму выдатнаму дзеячу. Таксама Сяргей Вітушка браў удзел у адным з выпускаў праграмы “Да на два”.

belsat.eu

Стужка навінаў