Хакейны клуб «Дынама» абвінаваціў газету «Прессбол» у паклёпе


Кіраўніцтва клубу склала ў пракуратуру заяву з просьбаю прыцягнуць да крымінальнай адказнасці галоўнага рэдактара газеты Уладзіміра Беражкова.

Падставаю для звароту паслужыла апублікаванае напрыканцы траўня інтэрв’ю Беражкова «БелГазеце» з назваю «Грошы засцяць вочы». У матэрыяле журналіст выказаў думку пра нерацыянальнае выкарыстанне сродкаў, што вылучаюцца на развіццё хакею, у тым ліку менскага «Дынама».

Генеральны дырэктар клубу Аляксей Торбін абвінаваціў галоўнага рэдактара ў распаўсюдзе хлуслівай інфармацыі ды паклёпе, што можа карацца абмежаваннем волі да трох гадоў.

Гендырэктара «Дынама» зачапіла фраза Беражкова пра «хуткае асвойванне» грошай бюджэту «Дынама» і крытыка выдаткавання сродкаў на легіянераў, пры тым што зборная Беларусі ўжо другі год запар займае 14-е месца на чэмпіянаце свету. Беражкоў заявіў, што «людзі атрымліваюць у сваіх клубах вялікія зарплаты і пачынаюць іх раздаваць тым, хто спрыяў вылучэнню грошай».

Беражкоў у тлумачэннях ва УУС Маскоўскага раёну падкрэсліў, што гаворка ішла пра сістэму размеркавання грошай, і яго здзіўляе, што «Дынама» аднесла ягоныя словы выключна да сябе.

«Заява з просьбаю прыцягнуць мяне да адказнасці з’явілася не раптам. Гэта працяг дзявятага валу, што накатваецца на газету», – заявіў Беражкоў. – Усё пачалося яшчэ ўвесну, калі «Прессбол» перасталі пускаць на імпрэзы, арганізаваныя клубам».

Тады Беражкоў напісаў ліст кіраўніцтву “Дынама” з просьбай абгрунтаваць адмову ў акрэдытацыі, бо палічыў такія дзеянні парушэннем Закона аб СМІ. Толькі праз месяц ён атрымаў адказ ад кіраўніцтва клубу з абвінавачваннем у публікацыі недакладнай інфармацыі, якая закранула гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю клубу – без канкрэтных прыкладаў.

«Гледзячы з усяго, хтосьці разышоўся ўва ўсю і аганізуе, – заявіў Беражкоў. – Бо апублікаваныя ў «Прессболе» матэрыялы пра стан справаў у беларускім хакеі – гэта фактычна прысуд». Журналіст адзначыў, што пачалося выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу ў дачыненні яго, але праблемаў беларускага хакею і спрэчных момантаў фінансавання гэта не развязвае.

Беражкоў выказаў таксама здзіўленне, чаму клуб не захацеў скарыстацца старонкамі газеты для выказвання сваёй пазіцыі. Ён падкрэсліў, што за 22 гады выхаду перыёдыку назапасіўся вялікі досвед «ваенных дзеянняў», і рэдакцыя «Прессбола» гатовая да абароны «ўсімі законнымі спосабамі».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары