Чым адгукнецца афіцыйнаму Менску пераслед гранітаўцаў?


Прадстаўнікам ураду давядзецца апраўдвацца за ціск на незалежныя прафсаюзы.

Міжнародная арганізацыя працы разгледзіць сёння сітуацыю з правамі прафсаюзаў у Беларусі. У прыватнасці – парушэнні правоў рабочых і пераслед актывістаў незарэгістраванай першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве “Граніт”.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Ярашук гаворыць пра чарговае абвастрэнне сітуацыі з правамі прафсаюзаў. “Улады прэвентыўна спрабуюць адмежавацца ад праблемаў з працоўнымі з-за сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, не даючы рабочым магчымасці аб’ядноўвацца дзеля адстойвання сваіх інтарэсаў”, – заявіў лідар БКДП.

Што могуць зрабіць прафсаюзы?

Усе ранейшыя заклікі Міжнароднай арганізацыі працы ўлады Беларусі пакідалі фактычна без увагі. За парушэнні правоў прафсаюзаў у 2007 г. Беларусь была выключаная з Генеральнай сістэмы прэферэнцыяў Еўразвязу – і ў выніку згубіла магчымасць увозіць тавары ў Еўропу паводле зніжаных мытных тарыфаў.

Цяпер жа ледзь не адзіным рэальным рычагом уздзеяння на ўлады Беларусі з боку прафсаюзаў ёсць магчымы байкот беларускіх тавараў і блакада імпарту з Беларусі. Паводле экспертаў, такое супрацьдзеянне прафсаюзаў палохае афіцыйны Менск больш за любыя іншыя санкцыі. “Сапраўдныя санкцыі (і пра іх амаль ніхто не гаворыць) – гэта абсалютная блакада для беларускіх тавараў”, – мяркуе палітолаг Уладзімір Падгол.

Пераслед уладаў

Генпракуратура прыгразіла Віктару Ярашуку 5 гадамі зняволення за заклікі да байкоту беларускіх тавараўГенпракуратура прыгразіла Віктару Ярашуку 5 гадамі зняволення за заклікі да байкоту беларускіх тавараў

Канфлікт распачаўся з таго, што з афіцыйнага прафсаюзу на прадпрыемстве вырабу будаўнічых матэрыялаў “Граніт” у Мікашэвічах выйшлі больш за 600 працаўнікоў. 200 з іх афіцыйна далучаліся да незалежнага прафсаюзу. Кіраўніцтва прадпрыемства, міліцыя і КДБ распачалі ціск на актывістаў, працоўным пагражаюць звальненнем, некаторыя ўжо засталіся без працы. Сярод іншага, звольнілі кіраўніка першаснай арганізацыі Алега Стахаевіча і жонку аднаго з прафсаюзных актывістаў Людмілу Літвінку.

14 лютага Генеральная пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне прафсаюзаўскаму лідару Аляксандру Ярашуку з прычыны ягоных выказванняў пра магчымасць закліку да байкоту беларускіх тавараў з боку Еўразвязу. Прафсаюзнага дзеяча папярэдзілі, што за гэта яму можа пагражаць да 5 гадоў зняволення.

Ураду даводзіцца тлумачыцца



У сустрэчах Камітэту нормаў і стандартаў МАП традыцыйна ўдзельнічаюць прадстаўнікі трох групаў: ураду, працадаўцаў і прафсаюзаў. З афіцыйным дакладам ад імя ўраду звычайна выступаюць кіраўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У дачыненні кожнага канкрэтнага выпадку парушэнняў правоў працоўных і прафсаюзаў тлумачэнні даюць прадстаўнікі ўраду, працадаўцаў і прафсаюзаў.

belsat.eu

Стужка навінаў