З 1 чэрвеня «камуналка» будзе большаю


У Беларусі 1 чэрвеня павышаюцца цэны на жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП) для насельніцтва. Гэта прадугледжвае пастанова Савету Міністраў ад 28 траўня № 486.

Дакумент прыняты дзеля паэтапнага павышэння ўзроўню кампенсацыі насельніцтвам выдаткаў на аказанне жыллёва-камунальных паслугаў, паведамляе прэс-служба ўраду.

Паводле пастановы, перадае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «БелТА», плацяжы сям’і з трох чалавек, якая жыве ў тыпавой двухпакаёвай кватэры агульнаю плошчаю 48 квадратных метраў, з улікам ацяплення вырастуць на 17 тыс. руб., або на 8,6 %, у тым ліку на цеплавую энергію для патрэбаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння – на 10 тыс., на паслугі водазабеспячэння і каналізацыі – на 7 тыс. Такім чынам, кошт жыллёва-камунальных паслугаў для такой сям’і ў ацяпляльны перыяд складзе 216,4 тыс., у летні перыяд – 137,9 тыс. руб.

У прэс-службе Савету Міністраў нагадалі, што тарыфы для насельніцтва на паслугі водазабеспячэння і каналізацыі не пераглядаліся з лютага 2011 г. І падкрэслілі, што з улікам прынятых урадам захадаў для павышэння прыбыткаў насельніцтва ў 2012 г. удзельная вага плацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі ў прыбытках сем’яў пры згаданым павышэнні тарыфаў не павялічыцца.

Ва ўрадзе таксама нагадваюць, што, згодна з разлікамі да Закону Беларусі «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2012 год», за кошт плацяжоў насельніцтва маюць кампенсавацца 35 % выдаткаў на аказанне жыллёва-камунальных паслугаў арганізацыямі сістэмы Менжылкамгасу. Цяпер узровень кампенсацыі выдаткаў складае менш за 13 %, заяўляюць у прэс-службе Савету Міністраў. Пры гэтым падкрэсліваецца, што для павышэння акупнасці жыллёва-камунальных паслугаў у краіне прымаюцца захады для зніжэння сабекошту паслугаў. Гэтак, паводле вынікаў працы за першы квартал сёлета выдаткі на аказанне ЖКП насельніцтву ў цэлым знізіліся на 10,5 % у супастаўных умовах у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 г. пры ўстаноўленым заданні не менш як на 10 %. Эканомія выдаткаў склала 101,5 млрд руб.

Разам з тым, ва ўмовах росту выдаткаў на аказанне жыллёва-камунальных паслугаў з аб’ектыўных прычынаў забяспечыць выкананне ўстаноўленага параметру для ўзроўню кампенсацыі выдаткаў насельніцтвам толькі за кошт зніжэння сабекошту паслугаў немагчыма, заяўляюць у прэс-службе Савету Міністраў.

belsat.eu

Стужка навінаў