Павышэнне коштаў на хлеб і малако: рэакцыя менчукоў


Чарговае падаражанне прадуктаў першай неабходнасці не прайшло незаўважана для жыхароў Беларусі. Асабліва моцна павышэнне коштаў адбіваецца на бюджэце пенсіянераў. Як беларусы ставяцца да падаражання?

“Нашыя заробкі не растуць гэтак хутка, як кошты. І вельмі складана пенсіянерам жыць у цяперашніх умовах, а есці ўсё роўна хочацца. Смятану, малако ўсё адно трэба есці”, – гаворыць пакупніца ў менскай краме. “Заробкаў не падымаюць, грошы абясцэньваюцца, а прадукты – даражэюць. За што людзям жыць? Эканоміка ніякая. Але іншага выйсця я і не бачу”, – абураецца мянчук.

У Міністэрстве эканомікі павышэнне коштаў на прадукты тлумачаць неабходнасцю скараціць стратнасць вытворчасці. У выніку стратнасць зніжаюць коштам бюджэтаў пенсіянераў, упэўненыя менчукі. “Для пенсіянераў, якія атрымліваюць мільён, і тут на 10 % падаражанне… Гэта адчувальна будзе. Мы ўжо эканомім, а што будзе пры чарговым павышэнні коштаў?” – гаворыць удзельніца апытання.

Паводле пастановы Міністэрства эканомікі павышаныя межавыя максімальныя адпускныя кошты на малако і кефір тлустасцю да 3,5 % улучна, смятану тлустасцю да 25 % улучна, тварог тлустасцю да 9 % улучна — на 10 %; хлеб жытне-пшанічны, батоны і хлябцы з пшанічнай мукі няздобныя вагою 300 грамаў і больш — на 5 %.

belsat.eu

Стужка навінаў