Леанід Заіка: Эксперты S & P не маюць уяўлення пра нашую эканоміку


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва «Standard & Poor’s» (S & P) палепшыла доўгатэрміновы суверэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да стабільнага «В». Раней ён быў негатыўным «С».

На думку экспертаў агенцтва, у нашай краіне назіраюцца стабілізацыя эканомікі і паляпшэнне кароткатэрміновых фінансавых умоваў. S & P адзначае, што рэзервы ў замежнай валюце растуць, замаруджваецца інфляцыя, слабее ціск на абменны курс беларускага рубля, а ВУП Беларусі ў першым квартале вырас на 3 %.

Эканаміст Леанід Заіка заўважае, што міжнародныя рэйтынгі перыядычна пераглядаюцца, але іх складальнікі не ўсведамляюць рэальнага становішча беларускай эканомікі. Яны ўлічваюць толькі фармальныя паказнікі, якія ўлады апошнім часам здолелі крыху падцягнуць.

«Для людзей, якія ніколі не былі ў Беларусі і не ведаюць, як працуюць нашыя прадпрыемствы, эканамічная сітуацыя сапраўды крыху палепшылася, бо яны бяруць у разлік толькі афіцыйныя лічбы. Пасля «шокавай» дэвальвацыі 2011 года курс долара знізіўся з 8,5 да 8 тысячаў, афіцыйны ўзровень беспрацоўя нулявы, але рэальная заработная плата знізілася ўтрая. Пакуль на ўтрыманне сабакі дзяржава на дзень выдаткоўвае 20 тысяч рублёў, а на пенсію прафесару матэматыкі 40 тысячаў – аб нармальных умовах жыцця беларусаў не можа ісці гаворкі», – адзначае эксперт.

Леанід Заіка мяркуе, што міжнародныя рэйтынгі Беларусі бліжэйшым часам будуць працягваць расці, але нагоды казаць пра рэальнае паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне не прадбачыцца. Улады таксама разумеюць, што эканоміцы неабходныя новыя ўліванні, пра што будзе весціся размова падчас візіту беларускай дэлегацыі на штогадовым вясновым паседжанні кіроўных радаў МВФ і Сусветнага банку ў Вашынгтоне, які праходзіць у гэтыя дні.

belsat.eu

Стужка навінаў