Журналісты спрабавалі знайсці агульную мову з міліцыяй


https://youtu.be/EJ9-30GC1kM
https://youtu.be/68dsZQDYOfc
Беларускія незалежныя журналісты наведалі тры сталічныя РУУСы, каб сустрэцца з іх кіраўнікамі. Для міліцыянтаў падрыхтавалі адмысловы зварот і ўлёткі, што нагадваюць пра гарантаваныя Канстытуцыяй і Законам аб СМІ правы журналістаў.

«Канструктыўная размова, між тым, атрымалася толькі з начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі Цэнтральнага РУУС Артурам Шахлаем, які выслухаў журналістаў і прыняў у іх паперы, – паведамляе прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў. – У Савецкім начальства было «на нарадзе ў выканкаме», а ў Маскоўскім нашых калегаў фактычна выставілі за дзверы».

«Калі мы пачалі тлумачыць, што мы журналісты і хацелі б абмеркаваць шляхі ўзаемадзення паміж журналістамі і прадстаўнікамі міліцыі, нам адказалі, што на гэтую тэму размаўляць з намі жадання няма», – гаворыць журналіст Андрэй Клікуноў.

Менавіта журналісты з недзяржаўных медыяў ды фрылансэры нярэдка робяцца ахвярамі перавышэння працаўнікамі міліцыі службовых паўнамоцтваў падчас вулічных акцыяў. Гэтак, падчас адной з леташніх акцыяў «маўклівага пратэсту» па ўсёй Беларусі затрымалі 24 журналісты. Пераслед неаднаразова зазнавалі і журналісты, што супрацоўнічаюць з «Белсатам».

«У заходніх краінах прыкладна чвэрць журналістаў займаецца сваёй працаю ў рэжыме фрылансу. У Беларусі прадстаўнікі дзяржаўных установаў кажуць, што няма ў нас такой працы, як фрыланс, бо яна не прадугледжаная законам, – гаворыць юрыст Беларускай асацыяцыяй журналістаў Андрэй Бастунец. – Трэба ці мяняць законы, або, на маю думку, сённяшні закон усё ж дазваляе працаваць журналістам у рэжыме фрылансу».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары