Гарадзенскія краязнаўцы рыхтуюць унікальную экскурсію


Арыгінальны маршрут рыхтуе краязнаўца Віктар Кірэеў адмыслова да фестывалю моладзевай журналістыкі “Твой стыль”, які адбудзецца ў Горадні 25–27 траўня. «Экскурсія на тэму журналістыкі пасуе Горадні, як ніякаму іншаму гораду, – гаворыць Віктар Кірэеў. – Менавіта ў Горадні выйшаў першы інфармацыйны бюлетэнь на землях усяго Вялікага княства Літоўскага – “Awizy Grodzieńskie”. Адбылося гэта ў 70-я гады XVII стагоддзя, акурат тады, калі было вырашана праводзіць тут Сеймы Рэчы Паспалітай. Для паслоў і шляхты пісалі пра бягучыя падзеі палітычнага жыцця краю і замежжа».

Экскурсія закране вядомую асобу гарадзенскага старасты Антонія Тызенгаўза. У перыяд ягонай прагрэсіўнай дзейнасці у канцы XVIII стагоддзя выходзіла “Gazeta Grodzieńska”.

Таксама краязнаўца раскажа пра афіцыйную газету царскіх уладаў “Гродненскія губернскія вѣдомости”, падпольныя выданні Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, працу пісьменнікаў Міхася Васілька і Васіля Быкава ў “Гродзенскай праўдзе”.

Краязнаўца не ўнікне і найноўшай гісторыі: зачыненых уладамі мясцовых газетаў, самыя вядомыя з якіх “Пагоня” і “Біржа інфармацыі”, арышту журналіста ОРТ Паўла Шарамета ў гарадзенскай турме, а таксама крымінальных справаў за абразу і паклёп на прэзідэнта супраць гарадзенскіх журналістаў Міколы Маркевіча, Паўла Мажэйкі і Андрэя Пачобута.

Экскурсія адбудзецца ў межах ІІІ Фестывалю моладзевай журналістыкі “Твой Стыль”. Унікальнае мерапрыемства арганізуюць цэнтр “Трэці Сектар” і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

belsat.eu

Стужка навінаў