Раманчук трапіў у аварыю, аўта аднаўленню не падлягае


Разам з кандыдатам на прэзідэнта ехалі эканаміст Леанід Заіка і яшчэ 2 чалавекі.

Сёння раніцай аўтамабіль кандыдата на прэзідэнта Яраслава Раманчука рухаўся па дарозе з Гомля ў Рагачоў і сутыкнуўся з легкавіком. Ніхто з пасажыраў сур’ёзна не пацярпеў, аднак аўта аднаўленню не падлягае.

Яраслаў Раманчук распавёў “Белсату”, што калі б не падушкі бяспекі, усё магло скончыцца дрэнна, бо сутыкненне было практычна лоб у лоб.

“Мы ад’ехалі 60 кіламетраў ад Гомля, калі літаральна за 10 метраў перад намі “Аўдзі А3” пачало рабіць паварот проста пасярод праезнай часткі. Дзякуй Богу, наш кіроўца паспеў адрэагаваць і затармазіў”. Пры гэтым, за стырном “Аўдзі”, як паведаміў спадар Раманчук, сядзеў сяржант міліцыі.

Паводле Яраслава Раманчука, ён атрымаў нязначныя парэзы і пашкоджанні ног, для астатніх таксама ўсё абышлося без сур’ёзных траўмаў. Не пацярпеў і кіроўца, што стварыў небяспечную сітуацыю на дарозе.

З абставінамі здарэння разбіраецца ДАІ, а кандыдат на прэзідэнта і ягоныя давераныя асобы працягваюць агітацыйную паездку па Гомельскай вобласці.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары