Смалявіцкіх дачнікаў выклікаюць у міліцыю


Некаторыя сябры ініцыятыўнай групы, якая выступае супраць будаўніцтва кітайска-беларускага тэхнапарку ў Смалявіцкім раёне, ужо атрымалі позвы. Прычыны выкліку ў іх не называюцца, таму чальцы садовых таварыстваў мяркуюць, што выклікі звязаныя з актыўнасцю ў арганізацыі пратэстаў.

“Калі падпісвалася пагадненне паміж кітайскім і беларускім бакамі, то замежнікі не здагадваліся пра канфлікт з садовымі таварыствамі. Дачнікі ж, адстойваючы свае правы, пачынаюць пісаць ва ўсе інстанцыі, у тым ліку ў кітайскую амбасаду. Відавочна, што такая грамадская рэакцыя можа адпужнуць інвестара. Улады Беларусі асцерагаюцца зрыву ўгоды на мільярды долараў ды імкнуцца націснуць на нязгодных”, – адзначае праваабаронца Алег Волчак.

Праваабаронца падкрэслівае, што позва мусіць быць аформленая адпаведным чынам і складацца з нагоды крымінальнай або адміністратыўнай справы. Калі ж у ёй не падаецца інфармацыі пра прычыны выкліку, адсутнічае прозвішча асобы, што выклікае, то нез’яўленне не мусіць лічыцца правапарушэннем. Паводле Алега Волчака, такія позвы найлепш абскарджваць у раённай пракуратуры.

“Самы дзейны сродак барацьбы з ціскам дзяржавы для дачнікаў – не маўчаць, рабіць вядомымі прозвішчы следчых і аператыўнікаў, якія будуць аказваць ціск, – параіў праваабаронца. – Перад пачаткам праекту тэхнапарку з людзьмі мусілі былі правесці грамадскія слуханні, каб патлумачыць перспектывы планаванай будоўлі, але ўлады вырашылі выкарыстаць іншыя метады. Асабістыя размовы з дачнікамі сведчаць, што людзі пойдуць да канца, бо яны не хочуць страчваць мясцінаў, якія абжывалі гадамі”.

belsat.eu

Стужка навінаў