Жыхары Уручча-2 сабралі 2700 подпісаў супраць "ушчыльнення"


Як паведаміла актывістка ініцыятыўнай групы жыхароў мікрараёну Валянціна Малюціна, каля 200 подпісаў было сабрана толькі 17 сакавіка на сходзе жыхароў Уручча, які адбыўся на тэрыторыі будаўніцтва першага 16-павярховага дому на вул. Русіянава.

Першыя 1400 подпісаў пад зваротам да прэзідэнта, ураду і кіраўніка Менгарвыканкаму былі перададзеныя 7 сакавіка. Але адказу з названых інстанцыяў не было, і збор подпісаў працягваецца. Жыхары перакананыя, што новае будаўніцтва прывядзе да празмерна шчыльнай забудовы, а таксама пазбавіць іх зялёнай зоны і дзіцячых пляцовак. Барацьба жыхароў супраць будаўніцтва новых дамоў вядзецца з 2005 г.

Між тым, паводле Малюцінай, сітуацыя штодня становіцца ўсё больш напружаная. “Улады пачалі актыўна і арганізавана захопліваць нашу тэрыторыю. Дарога, па якой большасць жыхароў мікрараёну ішлі на працу, цяпер перакрытая плотам будпляцоўкі”, – распавяла актывістка.

На сход жыхароў у мінулую суботу, апавядае Валянціна Малюціна, былі пісьмова запрошаныя кіраўнік Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька і кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёну Ігар Кудрэвіч. “Кудрэвіч спачатку адказаў, што ніхто не прыйдзе, а калі хтосьці пачне збірацца, то яны знойдуць сілы адказаць. Гэта была своеасаблівая пагроза”, – падкрэсліла актывістка.

“Мы пакуль не ведаем, што рабіць далей. Нам пагражаюць міліцыяй: з Кудрэвічам прыязджаў намеснік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Яўсееў”, – дадала актывістка.

belsat.eu

Стужка навінаў