75 % людзей не могуць намаляваць ровар


Дызайнер Джанлука Джыміні просіць людзей зрабіць простую рэч – намаляваць ровар, а потым робіць лічбавыя прататыпы паводле эскізаў. На большасці з гэтых ровараў нельга было б нават рушыць з месца.

З 2009 года італьянска-амерыканскі дызайнер Джанлука Джыміні (Gianluca Gimini) ладзіць эксперымент: просіць розных людзей намаляваць ровар з памяці за дзве хвіліны.

Ідэя прыйшла яму ў галаву падчас размовы ў бары з сябрамі, калі ён прыгадаў выпадак са школьных часоў: ягонага аднакласніка папрасілі намаляваць ровар, але хлопчык не даў рады, нягледзячы на тое, што ровар на вуліцы – звычайная справа, людзі бачаць іх штодня.

Цягам гэтых сямі гадоў прайсці тэст Джыміні пагадзіліся 500 чалавек, аднак удалося гэта толькі 370: мноства людзей псіхавалі і кідалі маляваць, калі разумелі, што ў іх нічога не атрымоўваецца. Акуратны эскіз байка выйшаў толькі ў 25 % чалавек.

Астатнія 75 % малюнкаў Джанлука адрэндэрыў і стварыў абʼёмныя кампʼютарныя мадэлі. Калі б гэтыя ровары існавалі насамрэч, ні на адным з іх не можна было б нават рушыць з месца.

«З таго, што ведаю, гэта адзін з тэстаў, якія выкарыстоўваюць псіхолагі, каб прадэманстраваць, як наш мозг падманвае нас: мы думаем, што штосьці ведаем, калі насамрэч не ведаем зусім», – кажа дызайнер.

Падобны эксперымент ладзіў савецкі папулярызатар навукі Якаў Перэльман: ён прасіў людзей намаляваць, як выглядае лічба «6» на цыферблаце іх уласных гадзіннікаў, на які яны глядзяць некалькі разоў кожны дзень. У кнізе «Займальная матэматыка» ён пісаў, што мала хто спраўляецца з такім заданнем.

«Ніводны дызайнер не стварыў б такую колькасць ровараў, нават калі б у яго было 100 жыццяў – менавіта таму я гляджу на сваю калекцыю з такім трапятаннем», – кажа Джыміні.

ДД

Глядзі таксама
Каментары