МЗС Літвы: праекты АЭС у Беларусі ды на Калінінградчыне – безадказныя


Міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс (Audronius Ažubalis) заклікаў краіны ЕЗ прытрымлівацца адзінай пазіцыі ў размове аб запланаваным будаўніцтве ў суседстве з Літвою – у Беларусі ды ў Калінінградскай вобласці Расеі – АЭС паводле расейскіх тэхналогіяў.

Такі заклік з боку Літвы прагучаў на нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краінаў-чальцоў ЕЗ, што праходзіць у Капенгагене, перадае “Delfi.lt”.

“Кіраўнік літоўскай дыпламатыі заклікаў краіны ЕЗ гаварыць у адзін голас наконт безадказных праектаў атамных станцыяў у Беларусі ды ў Калінінградскай вобласці, што парушаюць міжнародныя прынцыпы атамнай бяспекі, стандарты і канвенцыі”, – гаворыцца ў паведамленні МЗС Літвы.

Ажубаліс падкрэсліў, што падчас крызісу “асабліва важна прытрымлівацца агульных, салідарных прынцыпаў, заснаваных на вонкавай палітыцы ЕЗ, забяспечыць узгодненасць і празрыстасць дзеянняў ЕЗ, выкарыстоўваць магчымасці службы вонкавых сувязяў”.

Беларусь плануе пабудаваць АЭС за 50 кіламетраў ад літоўскай мяжы, Расея – у Калінінградскай вобласці побач з Літвою. Літва сцвярджае, што дагэтуль не атрымала задавальняльных адказаў наконт уздзеяння гэтых станцыяў на навакольнае асяроддзе.

belsat.eu

Стужка навінаў